БЕЛ Ł РУС

Драць ці таркаваць? Капаць ці выбіраць? Разбіраемся ў беларускай бульбе

7.08.2025 / 22:3

Nashaniva.com

Выданне Palatno расказвае, як беларусы ў розных рэгіёнах гаварылі і гавораць пра бульбу і што з ёй рабіць.

Як драць і чысціць бульбу

На большай частцы Беларусі бульбу дзяруць. На Гродзеншчыне, Брэстчыне і Палессі кажуць не «драць бульбу», а церці бульбу. На поўдні Гродзеншчыны бульбу шаруюць. У центральнай Беларусі распаўсюджаны выраз «таркаваць бульбу».

А як жа чысціць бульбу па-беларуску? На Гомельшчыне бульбу лупяць. На Магілёўшчыне і цэнтральнай Беларусі бульбу чысцяць. У цэнтральнай Беларусі, Гродзеншчыне і Брэстчыне — абіраюць. А таксама на Міншчыне можна пачуць, што бульбу стругаюць і абразаюць. На поўдні Міншчыны і Віцебшчыне бульбу скрабуць і скабляць.

Бульбу капаюць, выбіраюць ці рыюць?

У Беларусі самай распаўсюджанай формай з’яўляецца слова капаць. Кропкава па ўсёй тэрыторыі краіны бульбу выбіраюць. А на Магілёўшчыне сустракаецца выраз рыць бульбу.

А як назваць куст бульбы?

Куст бульбы як назва выкарыстоўваецца на поўдні Гродзеншчыны, на Міншчыне і Магілёўшчыне.

На поўдні Беларусі найбольш распаўсюджаная назва куста бульбы — гэта корч. А на поўдні Міншчыны выкарыстоўваюць слова цяціўка.

На Гомельшчыне і поўначы Беларусі куст бульбы называецца каліва. На Браслаўшчыне куст бульбы называюць коранем. А на Віцебшчыне на мяжы з Пскоўскай вобласцю Расіі ёсць рэгіяналізм гняздо.

Як называюць лупіну ад бульбы

Слова лупіна дамінуе ў Заходняй Беларусі. У цэнтральнай частцы і на ўсходзе больш распаўсюджанае слова шалупайкі. На Магілёўшчыне, на памежжы з Расіяй, выкарыстоўваюць слова шалуха.

На поўначы Гомельшчыне ёсць рэгіяналізм шалушкі. А на Палессі можна часцяком пачуць абрэзкі, а яшчэ часцей лушпайкі.

На Віцебшчыне існуе яшчэ больш рэгіянальных слоў, якія абазначаюць лупіну разам з шалухой і шалушкамі: шарлушкі, шкарлупкі, аскробкі, шалупайкі.

Бульбяная каша

На Брэстчыне бульбяную кашу называюць таўканіца.

На поўдні Гродзеншчыны бульбяную кашу так і называюць кашай.

На Віцебшчыне яна называецца камамі. Так яна называецца на Магілёўшчыне і Гомельшчыне.

Аднак на Палессі існуюць розныя варыяцыі: тоўчаная бульба, такмачы, коўма. На Гомельшчыне таксама прысутнічаюць такія назвы як таўчонка, тоўчанка.

На Міншчыне ёсць дзве ўкаранелыя словы — камякі і каша бульбяная.

Бульбяны суп

Найбольш распаўсюджанай назвай бульбянога супу ёсць булён. Гэта назва ёсць на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Але ў бульбянога супу ёсць шэраг рэгіяналізмаў.

Напрыклад, на Брэстчыне ён называецца проста супам, крышанамі.

На Гродзеншчыне такі суп называецца шчолакам. А на Магілёўшчыне і частцы Гомельшчыне жыдкай бульбай. На поўдні Гомельшчыны можна было пачуць і юшка.

Чытайце таксама:

У Бабруйскім раёне паставілі помнік бульбе

«Гэта, натуральна, не суперфуд». Чым карысная і шкодная бульба і як часта яе есці?

Калі бульбяныя стравы сталі часткай народнай кухні? І чаму беларусы не бульбашы? Факты пра беларускую бульбу

«Правільна прыгатаваная бульба можа стаць нават фітнэс-прадуктам». Так сцвярджаюць у адзіным у Беларусі бульбяным музеі

Калі ў Беларусі з’явілася слова «дранікі»? Вы здзівіцеся, як позна

Каментары да артыкула