Лукашэнка назваў разню ў Бучы добра спланаванай акцыяй
Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю журналісту Сайману Шустэру паставіў пад сумнеў злачынствы расійскіх вайскоўцаў у Бучы пад Кіевам у пачатку вайны.
Буча, 3 красавіка 2022 года. Фота: AP
«Мы ведаем хто гэта рабіў, мы ведаем нумары аўтамабіляў, на якіх прыехалі арганізатары! Чаму гэта ўсё замялі на Захадзе? На вайне вельмі проста ўзяць цела, звязаць рукі ззаду і кінуць на вуліцу… Нашы спецслужбы канкрэтна звярталі ўвагу захаду на некаторыя рэчы! Вы замылілі іх», — сказаў Лукашэнка.
Буча была пад акупацыяй расійскіх войск 28 дзён у лютым-сакавіку 2022 года, расіяне здзейснілі ў горадзе пад Кіевам масавае забойства цывільнага насельніцтва, вядомае як бучанская разня.
Журналісты — следчыя Bellingcat развянчалі спробы Расіі перакруціць трагічныя падзеі ў Бучы. Паводле звестак, апублікаваных 7 красавіка, 90% ахвяр сярод мірных жыхароў горада загінулі ў выніку расстрэлаў расіянамі.