Белгідрамет: Гэты год для сельскай гаспадаркі незвычайна цяжкі
2025 год выдаўся вельмі цяжкім для сельскай гаспадаркі Беларусі. Паводле слоў начальніцы службы гідралогіі і аграметэаралогіі Белгідрамета Кацярыны Істомінай, незвычайныя кліматычныя ўмовы — цёплая і бясснежная зіма, а пасля вясновыя замаразкі і пераўвільгатненне — негатыўна паўплывалі на стан пасеваў, піша «Смартпрэс».
Фота ілюстрацыйнае
Асабліва ад капрызаў надвор'я пацярпеў азімы рапс, які не вытрымлівае рэзкіх перападаў тэмператур.
У вясновы перыяд з-за холаду значна зменшыўся ўраджай пладовых культур, ягад і шматгадовых траў: першы ўкос быў вельмі слабы.
У чэрвені холад затрымаў рост цеплалюбівых культур, такіх як кукуруза, грэчка, памідоры і агуркі. Праўда, такое надвор’е было дастаткова спрыяльным для іншых культур — у прыватнасці, для збожжавых, рапсу, лёну і карняплодаў.
Аднак праз лішак вільгаці на поўначы краіны пасевы месцамі палеглі. У ліпені ж дажджы і пераўвільгатненне, з аднаго боку, спрыялі росту збожжа і клубняў, але ў той жа час стварылі і ўмовы для хвароб, асабліва фітафторы на бульбе.
«Гэта значыць на бягучы момант пераўвільгатненне прывяло да з’яўлення фітафторы на пасевах на даволі вялікіх плошчах», — патлумачыла Кацярына Істоміна.
Кукуруза таксама адстае ў развіцці, хоць ёсць надзея на добры ўраджай збожжавых. Сіноптыкі яшчэ прагназуюць паляпшэнне ўмоў, што можа быць карысным для цеплалюбівых культур — кукурузы і цукровых буракоў.