БЕЛ Ł РУС

Пуцін і Трамп скончылі перамовы. Трамп заявіў, што здзелкі пакуль няма

16.08.2025 / 2:18

Nashaniva.com

Пасля перамоў у Анкорыджы (Аляска) Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін выступілі з абцякальнымі заявамі.

Прэс-канферэнцыя Трампа і Пуціна. Фота: AP Photo/Jae C. Hong

Перамовы Трампа і Пуціна цягнуліся 2 гадзіны 45 хвілін. Пасля саміту Трамп патэлефанаваў Зяленскаму і еўрапейскім лідарам.

У інтэрв’ю Fox News, запісаным да пачатку сустрэчы з Пуціным, Трамп сказаў, што хоча скончыць вайну ва Украіне на гэтым тыдні. Ён таксама заявіў, што ў наступнай сустрэчы будуць удзельнічаць ён, Пуцін і Зяленскі.

Падчас прэс-канферэнцыі Пуцін сказаў, што перамовы прайшлі грунтоўна і канструктыўна. І прачытаў кароткую лекцыю пра Аляску.

Ён заявіў, што адной з цэнтральных тэм сустрэчы стала вайна ва Украіне.

«Мы заўсёды лічылі ўкраінскі народ брацкім. Каб урэгуляванне было ўстойлівым, трэба ліквідаваць першапрычыны канфлікту», — сказаў Пуцін.

Ён дадаў, што Масква разлічвае, што ў еўрапейскіх сталіцах «не будуць чыніць перашкод і спрабаваць сарваць намечаны прагрэс».

Фота: AP Photo/Julia Demaree Nikhinson

Трамп заявіў, што здзелкі пакуль няма.

«У нас была вельмі прадуктыўная сустрэча, мы абмеркавалі многія пытанні, мы не змаглі знайсці поўнага разумення, здзелкі пакуль няма», — сказаў ён.

Трамп дадаў, што спадзяецца ў хуткім часе зноў пабачыцца з Пуціным.

«Next time in Moscow», — сказаў Пуцін яму па-англійску, на што Трамп аджартаваўся.

Пасля кароткай прэс-канферэнцыі Пуцін і Трамп не сталі адказваць на пытанні журналістаў.

Сумесны абед прэзідэнтаў адмянілі. Перамовы завяршыліся.

Чытайце таксама:

Трамп сустрэў Пуціна ў аэрапорце

Трамп з Пуціным памянялі фармат перамоў: сустрэчы адзін на адзін не будзе

Як спецслужбы ЗША рыхтуюць сустрэчу Трампа і Пуціна на Алясцы

Каментары да артыкула