БЕЛ Ł РУС

Беларускія акцёры, якія сыгралі галоўныя ролі ў нямецка-аўстрыйскім фільме, атрымалі ўзнагароды на кінафестывалі ў Лакарна

17.08.2025 / 8:9

Nashaniva.com

Сам фільм, які часткова здымалі ў Беларусі, таксама адзначаны журы.

Кадр з фільма «Белы слімак». Фота: Panama Film / Raumzeitfilm

16 жніўня ў швейцарскім горадзе Лакарна адбылася цырымонія закрыцця і ўручэння ўзнагарод аднаго з самых прэстыжных міжнародных кінафестываляў. У асноўным конкурсе быў прадстаўлены фільм «Белы слімак» — сумесная праца аўстрыйска-нямецкага рэжысёрскага дуэта Эльзы Кремсер і Левіна Петэра. Стужка прысвечаная гісторыі кахання ў сучаснай Беларусі.

Фільм быў высока ацэнены журы і атрымаў дзве ўзнагароды: спецыяльны прыз журы (другая па значнасці ўзнагарода фестывалю) і прыз за акцёрскую ігру, які быў уручаны выканаўцам галоўных роляў — Марыі Імбро і Міхаілу Сянькову.

Фільм распавядае гісторыю кахання двух аўтсайдараў, якія перакульваюць светы адно аднаго з ног на галаву. Адначасова — гэта даследаванне адзіноты, якое пранізвае сучаснае жыццё, і тых тонкіх нітак, якія звязваюць і руйнуюць чалавечыя адносіны, піша Reform.

Героі фільма — маладая мадэль Маша, якая марыць пра кар’еру ў Кітаі, і мастак і працаўнік морга Міша.

«Наш фільм — пра пераломны момант. Ці гэта адносіны двух персанажаў ці найноўшая гісторыя Беларусі: гаворка ідзе пра нявырашаныя пытанні, звернутыя ў яшчэ не разгаданую будучыню», — кажуць пра свой фільм рэжысёры.

Для здымачнай групы, якая складаецца з прафесіяналаў з некалькіх краін, здымкі ў Беларусі сталі беспрэцэдэнтным вопытам, яны патрабавалі пастаяннай абачлівасці, каб пазбегнуць непажаданай увагі. Падрыхтоўка і самі здымкі занялі дзесяць гадоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула