Барысаўцы скардзяцца, што ім забаранілі прадаваць дамы — іх збіраюцца зносіць і будаваць шматпавярховікі
Жыхары барысаўскай вуліцы Рабочы Хімік кажуць, што ўчасткі ўжо абмералі і сказалі, што прыватны сектар пойдзе пад знос. Але ў чыноўнікаў іншая версія.
Фота: «Мінская праўда»
На вуліцы Рабочы Хімік захаваўся невялікі прыватны сектар з некалькіх двароў. Апошнія тыдні мясцовыя актыўна абмяркоўваюць чуткі: дамы хутка будуць зносіць, а на іх месцы пабудуюць шматпавярховікі.
Пад гэтую справу ўладальнікам дамоў нават забаранілі іх прадаваць.
«У нас тут усяго пяць-шэсць двароў. Я ўжо думала прадаць дом — ён бацькоўскі. Мама тут жыла, я за ёй даглядала. Пасля яе смерці ўступіла ў спадчыну.
А цяпер, калі вырашыла прадаць, прыйшлі спецыялісты (хто менавіта, не запомніла), замералі ўчастак і сказалі, што дамы будуць зносіць. Я пажылы чалавек, мне б ведаць, што будзе далей. А ніхто нічога не тлумачыць», — расказала мясцовая жыхарка «Мінскай праўдзе».
Яе суседка кажа, што спрабавала арганізаваць зварот да ўладаў.
«Мы пайшлі да ўсіх суседзяў, пыталіся, што рабіць. Хтосьці кажа — трэба пісаць у выканкам, а хтосьці ўвогуле раіць здымаць відэа і выкладваць у TikTok. Але мы ж не блогеры, у нас унукаў няма, самі не ўмеем», — паскардзілася жанчына.
У Барысаўскім райвыканкаме заяўляюць, што прадаваць дамы нікому не забаранялі. Але прызналі, што прыватны сектар плануюць знесці.
«У гэтым мікрараёне сапраўды распрацаваная горадабудаўнічая дакументацыя. Яна прадугледжвае будаўніцтва шматкватэрнага жылля і аб'ектаў грамадскага прызначэння. Але тэрміны рэалізацыі пакуль не вызначаныя. І самае галоўнае — ніякіх забаронаў на продаж дамоў на вуліцы Рабочы Хімік няма і быць не можа», — заявіла начальніца аддзела архітэктуры і будаўніцтва Наталля Пушнова.