Былога афганца з Віцебска асудзілі да калоніі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»
Андрэй Матусенка паўтара года праслужыў у Афганістане. Цяпер ён за кратамі.
Андрэй Матусенка. Фота з ягонай старонкі «Укантакце»
Андрэю Матусенку з Віцебска 56 гадоў. У асноўным працаваў дальнабойшчыкам, ездзіў паўсюль — Еўрасаюз, Расія, Беларусь, Украіна.
Матусенка служыў у Афганістане. Час ягонай службы — з лістапада 1987-га да лютага 1989-га, то-бок быў сярод тых, хто выязджаў з Афганістана адным з апошніх. Служыў ён у званні радавога механікам-кіроўцам у складзе 345-га асобнага гвардзейскага парашутна-дэсантнага палка. Мае медаль «За баявыя заслугі».
У 2006 годзе Матусенка заснаваў у Смаленскай вобласці фірму «ММ-Транзіт». Яе сфера дзейнасці — грузаперавозкі. У 2020 годзе фірму ліквідавалі.
Пасля гэтага віцебчук працягнуў працаваць у розных фірмах у Расіі — напрыклад, «С-Транс», якая займаецца перавозкамі.
Андрэй Матусенка адзначае Дзень воінаў-інтэрнацыяналістаў. Фота з ягонай старонкі «Укантакце»
Суд над мужчынам адбыўся ў 2025 годзе ў Віцебскім абласным судзе. Андрэя Матусенку прызналі віноўным у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК).
Затрымалі мужчыну, меркавана, каля лютага 2025 года. Пасля суда ён застаўся за кратамі.
Андрэю пагражала да сямі гадоў калоніі, але дакладны прысуд невядомы.
Чытайце таксама:
Па «справе Гаюна» арыштавалі ўжо як мінімум 40 чалавек
Палітвязню з Маладзечна, у якога няма адной нагі, прысудзілі 4 гады калоніі
Што можа пагражаць тым, хто пісаў у бот «Беларускага Гаюна»? І што можна зрабіць цяпер