БЕЛ Ł РУС

Наркотыкі, піратэхніка, падробка білетаў: за што затрымлівалі беларусаў на канцэрце Каржа

2.09.2025 / 16:48

Nashaniva.com

У паліцыі Варшавы паведамілі тэлеканалу «Белсат», за якія злачынствы затрымлівалі грамадзянаў Беларусі на канцэрце Макса Каржа. Сярод правапарушэнняў — захоўванне наркотыкаў, спроба пранесці піратэхніку і падробка білетаў. За гэта былі затрыманыя 7 беларусаў.

Макс Корж. Скрыншот з відэа

Агулам, як паведамлялася, на канцэрце беларускага спевака Макса Каржа на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве 9 жніўня затрымалі 109 чалавек, сярод іх было 13 грамадзян Беларусі. Шасцёра ўчынілі дробныя парушэнні, а сямёра — крымінальныя злачынствы.

У прэс-службе варшаўскай паліцыі «Белсату» раскрылі, якія менавіта злачынствы здзейснілі грамадзяне Беларусі:

«Захоўванне наркотыкаў, пранясенне піратэхнічных вырабаў на масавае мерапрыемства, падробка квітка, парушэнне асабістай недатыкальнасці і парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства. Грамадзяне Беларусі таксама былі затрыманыя за невыкананне загадаў праваахоўных органаў».

У паліцыі таксама нагадалі, што пытанне дэпартацыі парушальнікаў вырашаюць памежнікі.

25 жніўня прэс-служба Памежнай аховы Польшчы паведамляла, што трох беларусаў ужо дэпартавалі: адзін выехаў добраахвотна, двух вывезлі прымусова. Агулам, як казаў прэм'ер Дональд Туск, з Польшчы планавалі выслаць шасцярых грамадзян Беларусі.

Праз тыдзень пасля канцэрту Макс Корж у сваім інстаграме назваў недапушчальнымі гвалт і агрэсію:

«Сябры, няма месца радыкальнаму нацыяналізму на канцэртах, гэтак жа як і агрэсіі ды гвалту з любога боку. Гэта супярэчыць самай сутнасці канцэртаў. Толькі ўзаемная павага. Падобныя правакацыі распальваюць міжнацыянальную варожасць, а значыць — недапушчальныя».

Чытайце таксама:

У Gazeta Wyborcza з'явіўся зварот палякаў да Туска, у якім рэзка асуджаюцца дэпартацыі пасля канцэрта Каржа

«Корж ультануў». А чаму ўльтануў?

Пазняк жорстка выказаўся пра Каржа: Антыэстэтычнае, антымастацкае шарлатанства, разлічанае на дэгенератыўнае ўспрыняцце

Украінец, які прыйшоў са сцягам УПА на канцэрт Каржа, запісаў выбачальнае відэа

На канцэрце Каржа варшаўская паліцыя затрымала 109 чалавек. І правярае лозунгі, якія гучалі на стадыёне

Каментары да артыкула