Ад «шыкоўнага гатэля» да адной прыбіральні на паверх. У якіх інтэрнатах сёлета жывуць студэнты ВІДЭА
Беларускія студэнты дзеляцца ўражаннямі ад інтэрнатаў, куды іх засялілі перад навучальным годам. Сабралі некалькі расповедаў.
Фота: darixami / TikTok
БДУ
Супрацоўніца інтэрната №4 БДУ, што на Пятроўшчыне, паказала ў тыктоку, якія там умовы. Блок у гэтым інтэрнаце складаецца з двух пакояў — на два і чатыры ложкі адпаведна. Ёсць і кухня з прыбіральняй і душавой.
У каментарах пазналі шпалеры — маўляў, такія былі ў інтэрнаце яшчэ ў 2019-м, калі падчас Еўрапейскіх гульняў там жылі замежныя спартоўцы.
Іншы інтэрнат БДУ, што пад нумарам 6, выглядае больш сціпла:
У роліку з гэтага інтэрната дэманструюць пакой на тры чалавекі, проста ў пакоі стаіць халадзільнік. У студэнтаў таксама ёсць прыбіральня, душавая і кухня — але мяркуючы па відэа, яны маюць толькі па адным такім памяшканні на паверх.
БДУЗМ
Новаспечаная студэнтка былога Лінгвістычнага ўніверсітэта паказала ў сваім роліку адзін з пакояў тамтэйшага інтэрната. Абсталяванне ў пакоі падобнае да іншых інтэрнатаў — тры ложкі, пісьмовы стол і шафы. Усё выглядае новым, у дадатак дзяўчаты атрымалі файны від з акна.
БДУКМ
Невялічкі ролік з інтэрната запісала і студэнтка Універсітэта культуры і мастацтваў. У відэа трапіў двухпавярховы ложак, шафа і яркія сцены, пафарбаваныя ў жоўты і блакітны колеры. Заўважна, што рамонт у інтэрнаце даўно не рабілі.
Аўтарка відэа робіць аптымістычную выснову: «Няважна, якія сцены, галоўнае, што ў цэнтры Мінска».
БДЭУ
У інтэрнаце БДЭУ №1 можна атрымаць у карыстанне вялікі пакой усяго на двух чалавек. Яшчэ адзін плюс — тое, што гэта інтэрнат блочнага тыпу, то-бок душавая, кухня і прыбіральня ёсць проста ў блоку, а не недзе на калідоры.
БДПУ
Некаторыя студэнты Педагагічнага ўніверсітэта сёлета будуць жыць у інтэрнаце №5, гэта інтэрнат блочнага тыпу. У кадр студэнткі трапіў пакой з двума ложкамі. Бачна, што не ўся мэбля ў пакоі новая, але пры гэтым памяшканне выглядае чыстым, а мэбля ў добрым стане.
«Нават прыгожыя шпалеры ёсць», — захапляецца адна з каментатарак.
БДУФК
Студэнтам Універсітэта фізічнай культуры прапанавалі інтэрнат, ад якога каментатары ў захапленні — маўляў, «шыкоўны гатэль»!
У відэа з інтэрната бачны блок з двух пакояў: у адным з іх тры ложкі, у другім — два. Таксама ёсць душавая, прыбіральня і кухня, мэбля і тэхніка выглядаюць чыстымі і новымі, а ў якасці бонусу студэнты атрымліваюць шыкоўны від з акна. У каментарах толькі наракаюць, што на вокнах няма фіранак, але аўтар відэа супакойвае — іх хутка абяцаюць выдаць.
БДТУ
Студэнтка БДТУ параўноўвае свой інтэрнат, што на Пятроўшчыне, з шыкоўным гатэлем. Дзяўчына атрымала месца ў блоку, дзе, мяркуючы па ўсім, два жылыя пакоі, але паказвае толькі адзін з іх — верагодна, той, у якім жыве. Гэта пакой на два чалавекі, так што ўмовам дзяўчыны пазайздросцяць шмат студэнтаў.
Дзяўчына ўдакладняе ў каментарах, што насамрэч гэты інтэрнат належыць БДЭУ, але яе ўніверсітэт арандуе ў наргаса пяць паверхаў будынка — і аўтарцы роліка дасталася месца на адным з іх.
Чытайце таксама:
«Хапаюся за ўсе магчымасці». Як справы ў студэнтаў-айцішнікаў, якіх адлічылі, 5 гадоў пасля
Навукоўцы прааналізавалі 100 тысяч экзаменаў і вызначылі найлепшы час для іх здачы