Навукоўцы прааналізавалі 100 тысяч экзаменаў і вызначылі найлепшы час для іх здачы
Навукоўцы сцвярджаюць: паспяховасць на экзаменах залежыць не толькі ад падрыхтоўкі — але і ад таго, калі менавіта вы сядаеце перад экзаменатарам адказваць.

Як піша Science Daily, згодна з новым даследаваннем італьянскіх навукоўцаў, студэнты, якія здаюць вусныя экзамены паміж 11-й і 13-й гадзінамі, маюць істотна больш шанцаў на поспех.
Для таго, каб прыйсці да такіх вынікаў, навукоўцаў прааналізавалі звесткі з базы даных Універсітэта Месіны аб выніках экзаменаў, праведзеных з кастрычніка 2018 па люты 2020 года. Аналізаваўся час, дата і ацэнка больш 100 000 індывідуальных адказаў на экзаменах, якія правялі 680 экзаменатараў па 1243 розных курсах.
Улічвалася таксама колькасць крэдытаў, якія студэнт атрымліваў за кожны вучэбны курс, як паказчык складанасці экзамену. Гэта дазволіла даследчыкам улічыць розніцу ў цяжкасці экзаменаў і выключыць гэты фактар з аналізу.
Выявілася, што станоўчую адзнаку атрымлівалі толькі 57% студэнтаў.
Працэнт поспеху змяняўся ў залежнасці ад часу: ён меў форму выгнутай крывой з выразным пікам апоўдні.
Незалежна ад таго, здаваў студэнт у 11:00 ці ў 13:00, вынікі былі прыкладна аднолькавыя. А вось калі іспыт пачынаўся раніцай (напрыклад, у 08:00 або 09:00) ці ўжо ў другой палове дня (у 15:00 або 16:00), шанцы здаць былі значна ніжэйшыя.
Чаму так адбываецца?
Як адзначаюць аўтары, хоць іх даследаванне і не вызначыла дакладныя механізмы гэтай тэндэнцыі, найбольшая колькасць станоўчых адзнак у сярэдзіне дня можа быць патлумачана некалькімі абставінамі.
Па-першае, ранейшыя навуковыя працы сведчаць, што ў першай палове дня разумовая прадукцыйнасць паступова павялічваецца, а пасля абеду зніжаецца.
Гэта можа азначаць, што з набліжэннем вечара студэнты хутчэй стамляюцца, страчваюць канцэнтрацыю і паказваюць горшыя вынікі. А выкладчыкі, у сваю чаргу, могуць пакутаваць ад стомленасці ад прыняцця рашэнняў, што прыводзіць да больш строгіх ацэнак.
Па-другое, слабейшыя вынікі раніцай таксама могуць быць звязаныя з рознымі хранатыпамі студэнтаў і выкладчыкаў.
Маладыя людзі, асабліва ў 20-гадовым узросце, звычайна з'яўляюцца «совамі», у той час як выкладчыкі ва ўзросце за 40 у большасці «жаваранкі». У выніку студэнты могуць трапляць на экзамен у той момант, калі іх мозг яшчэ не працуе на поўную моц, а выкладчыкі — якраз найбольш уважлівыя.
Каб змякчыць уплыў часу дня, аўтары раяць студэнтам сачыць за якасцю сну, пазбягаць праходжання экзаменаў у гадзіны сваёй нізкай актыўнасці і даваць сабе магчымасць аднавіць канцэнтрацыю перад экзаменамі.
Навучальным установам раяць разгледзець магчымасць больш позняга пачатку іспытаў. Гэта можа павысіць шанцы студэнтаў на поспех.
Важнасць вынікаў у больш шырокім кантэксце
Адзін з суаўтараў, прафесар Алесія Авенанці з Балонскага ўніверсітэта, адзначае:
«Гэтыя высновы маюць шырокі спектр наступстваў. Яны падкрэсліваюць, як біялагічныя рытмы, якія часта ігнаруюцца ў кантэксце прыняцця рашэнняў, могуць непрыкметна, але моцна ўплываць на тое, як ацэньваюць чалавека ў адказных сітуацыях».
Навукоўцы мяркуюць, што іх высновы могуць быць актуальныя не толькі для адукацыі, але і для іншых сфер, дзе выносіцца суб’ектыўная ацэнка — напрыклад, пры прыёме на працу або нават у судзе.
Ранейшыя даследаванні ўжо паказвалі, што суддзі часцей выносяць спрыяльныя рашэнні пасля перапынку на ежу — цяпер жа ёсць даныя, што падобны эфект існуе і ў навучанні.
Аўтары падкрэсліваюць, што нягледзячы на ўлік складанасці экзаменаў, яны не мелі доступу да індывідуальных даных, такіх як звычкі сну, стрэсавая нагрузка ці хранатып канкрэтнага студэнта або выкладчыка. Таму яны заклікаюць працягнуць працу з улікам фізіялагічных і паводзінскіх параметраў, каб выявіць асноўныя механізмы, якія ўплываюць на атрыманы вынік.
Каментары