БЕЛ Ł РУС

Карпушонак прызнала, што перамагчы Латушку ў самой сабой зададзеным фармаце ёй не па сілах

3.09.2025 / 22:38

Nashaniva.com

Дэлегатка Каардынацыйнай рады Вольга Карпушонак апублікавала пост у фэйсбуку, у якім канстатавала, што Павел Латушка ў зададзеным ёй самой фармаце публічных разбіральніцтваў не пакідае ёй шанцаў нечага дабіцца. Таму цяпер жанчына пойдзе іншым шляхам.

Вольга Карпушонак. Фота з яе сацсетак

Карпушонак заявіла, што свядома адмаўляецца ад падачы дадатковай інфармацыі і падрабязнасцяў у СМІ, бо гэта будзе шкодзіць ёй самой.

«Публічныя дыскусіі і славесныя сваркі на гэтым этапе толькі даюць магчымасць Латушку сыходзіць ад адказнасці і прадстаўляць сябе «ахвярай інфармацыйнай кампаніі», — сцвярджае яна. — Вопыт апошніх тыдняў паказаў: любая спроба дыялогу ў медыяпрасторы выкарыстоўваецца ім як інструмент для маніпуляцый».

Яна чакала, што пасля яе відэазапісаў з вербальнымі абвінавачваннямі на адрас Латушкі ён будзе паводзіць сябе неяк інакш. Але на практыцы выйшла па-іншаму.

«Публікацыя аўдыёзапісаў і фрагментаў доказаў на маім канале ўжо паказала, што ў палеміцы з Латушкам бессэнсоўна чакаць прызнання ці хаця б спробы канструктыўнага адказу. Чалавек, які дзесяцігоддзямі пазіцыянуе сябе палітыкам і дыпламатам, паводзіць сябе як аўтарытарны лідэр, які адмаўляе законы, нормы маралі і чалавечай годнасці. Яго тактыка — напад, абвінавачванні ў адрас іншых, перавод увагі на «спецслужбы» і штучнае стварэнне вобраза ворага», — наракае Вольга Карпушонак.

Таму яна мае намер змяніць тактыку, гаворачы гэта «не як адвакат, не як актывіст, не як палітык», а «як жанчына, якая вымушана была праляцець тысячы кіламетраў, каб схавацца ад пераследу і дамаганняў, і якая больш не гатовая маўчаць».

Адгэтуль, як яна абяцае, усе новыя факты «будуць перадавацца толькі ў афіцыйныя структуры і абнародавацца ў прадугледжаным законам парадку». У гэтым ёй маюць дапамагчы кампетэнтны адвакат, пошукам якога жанчына якраз займаецца, а таксама неназваныя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, якія нібыта «выказалі гатоўнасць падтрымаць мяне і забяспечыць поўную празрыстасць працэсу».

Няўдача на першым этапе канфлікту прывяла прафесійную адвакатку Вольгу Карпушонак да пераканання, што «менавіта юрыдычны шлях і інстытуцыянальнае суправаджэнне — адзіна магчымы спосаб дамагчыся справядлівасці і пакласці канец практыцы беспакаранасці».

Чытайце таксама:

Вольга Карпушонак дайшла ў сваіх скаргах да Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы

Вольга Карпушонак знаходзіцца ў Рыа-дэ-Жанэйра?

Карпушонак апублікавала тэкст сваёй заявы на Латушку ў іспанскую пракуратуру

Латушка: Заява Карпушонак у паліцыю Іспаніі — поўны прававы абсурд

У верасні Карпушонак планавала трапіць на сесію ПАРЕ, але апошні месяц яе паводзіны змяніліся — Ворыхава

Каментары да артыкула