БЕЛ Ł РУС

Будрыс: ЕС не стане больш мяккім з-за таго, што ЗША знялі санкцыі з «Белавія»

18.09.2025 / 18:25

Nashaniva.com

Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс выказаў меркаванне, што рашэнне ЗША зняць санкцыі з беларускай авіякампаніі «Белавія» не стане сігналам для Еўрасаюза памякчаць сваю пазіцыю адносна Мінска. Ён адзначыў, што ЕС працягвае займаць цвёрдую лінію ў дачыненні да Беларусі і не плануе змяншаць ці змякчаць санкцыйны ціск, паведамляе LRT.

Кястуціс Будрыс. Фота: AP Photo/Mindaugas Kulbis

Будрыс падкрэсліў, што санкцыі ЕС у дачыненні да Беларусі працягваюць пашырацца. Літва імкнецца скаардынаваць свае меры з санкцыямі, якія дзейнічаюць супраць Расіі, і заўсёды дзейнічае ў адпаведнасці з агульнай еўрапейскай пазіцыяй.

«У ЕС санкцыі рухаюцца ў іншы бок — пакеты санкцый пашыраюцца, Літва імкнецца ва ўсіх выпадках сінхранізаваць санкцыі ў дачыненні да Беларусі з санкцыямі ў дачыненні да Расіі. Мы будзем гаварыць пра дадатковыя пакеты санкцый як у сувязі з агрэсіяй супраць Украіны, так і ў сувязі з гібрыднымі дзеяннямі, а таксама ў сувязі з учыненнем злачынстваў ва Украіне», — сказаў ён.

На думку міністра, цяпер верагоднасць таго, што Літва будзе вымушаная ўводзіць нацыянальныя або рэгіянальныя санкцыі самастойна, зменшылася, бо ЕС працягвае ўзгадняць і падтрымліваць агульную санкцыйную палітыку. 

Чытайце таксама:

Прэм'ерка Літвы: Мы не пойдзем на змякчэнне санкцый супраць Беларусі, нават калі на нас будуць ціснуць

Літва санкцый з Беларусі не здыме, пакуль не будуць ліквідаваныя прычыны

У Літве думаюць не пра адмену, а пра пашырэнне санкцый супраць Беларусі 

Міністр замежных спраў Літвы заступіўся за Офіс Ціханоўскай

Каментары да артыкула