Польшча адмовілася адкрыць справу па знікненні Анатоля Котава
Паліцыя і пракуратура Польшчы адмовіліся адкрыць справу па знікненню Анатоля Котава, бо ён не з'яўляецца грамадзянінам Польшчы і знік не на тэрыторыі Польшчы, паведаміў у фэйсбуку Аляксандр Апейкін.
Анатоль Котаў. Фота: «Радыё Свабода»
«Як аказалася, наяўнасць міжнароднай абароны не з'яўляецца падставай для адкрыцця справы і пошуку іншаземнага грамадзяніна па-за тэрыторыяй Польшчы. То бок, калі ў вас беларускі пашпарт і вы маеце міжнародную абарону Польшчы па Жэнеўскай канвенцыі, але з вамі нешта здараецца на тэрыторыі іншай краіны, то фармальна вы знаходзіцеся не пад юрысдыкцыяй Польшчы, а пад юрысдыкцыяй і консульскай абаронай Рэспублікі Беларусь», — напісаў Апейкін.
Анатоль Котаў 21 жніўня вылецеў з Варшавы ў Стамбул і пасля гэтага знік. Паводле звестак турэцкіх СМІ, у той жа дзень ён прыбыў у стамбульскі аэрапорт, а затым перасеў на рэйс у горад Трабзон. Увечары таго ж дня ён пакінуў тэрыторыю Турцыі праз марскі памежны пункт у Трабзоне.
Як паведаміла мясцовая паліцыя стамбульскаму бюро DW, Котаў адправіўся ў расійскі горад Сочы на прыватнай яхце.
Жонка зніклага, Анастасія Піліпчык, звярнулася ў польскую пракуратуру і наняла адвакатаў для пошуку мужа.
Таксама жонка Котава паведамляла, што не атрымала ніякіх адказаў ад турэцкіх органаў, якія займаюцца пошукамі.
Чытайце таксама:
Кейс Котава зноў актуалізаваў пытанне, куды небяспечна ехаць беларусам, якія асцерагаюцца пераследу
Міхалевіч: Цалкам верагодна, што Котава вывезлі з Турцыі ў багажніку