БЕЛ Ł РУС

У Кітаі цэнзура будзе блакаваць песімістаў

25.09.2025 / 19:18

Nashaniva.com

Кітайскія інтэрнэт-цэнзары, вядомыя сваёй строгай барацьбой з палітычным іншадумствам і крытыкай улады, знайшлі новага ворага — негатыўныя настроі. Інтэрнэт-рэгулятар краіны абвясціў двухмесячную агульнанацыянальную кампанію, накіраваную на выкараненне песімізму ў сацыяльных сетках і на відэаплатформах.

Ілюстрацыйнае фота: VCG / VCG via Getty Images

Паводле заявы Адміністрацыі кіберпрасторы Кітая, як паведамляе CNN, некаторы кантэнт «зламысна скажае сацыяльныя з'явы, выбарачна перабольшвае негатыўныя выпадкі і выкарыстоўвае іх для прасоўвання нігілістычных ці іншых негатыўных светапоглядаў».

Іншыя допісы, як адзначаецца, «празмерна прасякнутыя самапрыніжэннем або ўзмацняюць пачуццё роспачы, што падштурхоўвае іншых да пераймання».

Гэтая кампанія стала адказам на рост песімізму ў грамадстве, выкліканага шматгадовымі эканамічнымі праблемамі: крызісам на рынку нерухомасці, падзеннем спажывецкага даверу і высокім узроўнем беспрацоўя, асабліва сярод моладзі.

Менавіта ў такіх умовах сярод маладых кітайцаў у 2021 годзе набыла папулярнасць філасофія «тан-пін» (літаральна «ляжаць пластом») — адмова ад кар'ерных амбіцый на карысць простага жыцця без стрэсу.

Новай кампаніі папярэднічалі блакаванне акаўнтаў блогераў, якія расказвалі пра такі лад жыцця. Акрамя таго, інтэрнэт-рэгулятар нядаўна пакараў такія платформы, як Weibo, падобны да TikTok Kuaishou і Xiaohongshu (кітайскі аналаг Instagram), за недастатковую мадэрацыю «шкоднай» інфармацыі, такой, як «распальванне ажыятажу вакол асабістых навін знакамітасцяў і дробязных пытанняў».

У заяве, распаўсюджанай 22 верасня, інтэрнэт-рэгулятар паведаміў, што кампанія таксама ахоплівае кантэнт, які «распальвае крайнюю канфрантацыю паміж групамі», «распаўсюджвае страх і трывогу» і «падсілкоўвае гвалт і варожасць у інтэрнэце».

Дзяржаўныя СМІ ўжо назвалі кампанію «своечасовым» адказам на «пануючы хаос».

Джа Ян Чонг, прафесар паліталогіі з Нацыянальнага ўніверсітэта Сінгапура, мяркуе, што такім чынам улады спрабуюць кіраваць грамадскімі настроямі, каб стымуляваць спажыванне і падтрымаць эканамічны рост. Аднак ён сумняваецца, што забароны зменяць рэальныя пачуцці людзей без паляпшэння іх жыццёвых і кар'ерных перспектыў.

Эксперт упэўнены, што карыстальнікі, як і раней, знойдуць новыя спосабы выказваць свае думкі.

Чытайце таксама:

Наколькі ўсё кепска з эканомікай Кітая? Пекін схаваў усю статыстыку, якая магла б даць адказ на гэтае пытанне

Што думае нашумелы кітайскі чат-бот пра рэжым Лукашэнкі

Кітай выпрабоўвае маршрут у Еўропу праз Арктыку. Беларусам застаецца ўздыхнуць

Каментары да артыкула