Сыны «літоўскага шпіёна» адправілі Лукашэнку ліст. Тым часам усплылі новыя дэталі яго справы
Сяргей Ботвіч, народжаны ў Беларусі грамадзянін Літвы, Францыі і Расіі, восенню 2022‑га атрымаў 13 гадоў за «шпіянаж». У адрозненне ад многіх іншых «шпіёнскіх» гісторый, Мінск нічога не паведаміў пра яе публічна: за што затрымалі, за чым шпегаваў. Пасля першай публікацыі «Нашай Нівы» пра яго на нас выйшаў знаёмы Ботвіча з некаторымі падрабязнасцямі той гісторыі.
Сяргей Ботвіч. Фота: belsmi.by
61‑гадовы Сяргей Ботвіч адбывае свой 13‑гадовы тэрмін у папраўчай калоніі №22 пад Івацэвічамі.
Яна была збудаваная ў такой глушы, што зняволеныя празвалі яе Ваўчыныя Норы. Пасля пачатку масавых палітычных рэпрэсій у Беларусі Ваўчыныя Норы сталі месцам, дзе ўтрымліваліся і сотні палітычных зняволеных. Трымаюць там і замежных грамадзян, якіх асудзілі за «шпіянаж» і па іншых падобных артыкулах.
Сяргея Ботвіча затрымалі летам 2021 года. І асудзілі ў канцы 2022 года. Толькі праз дзесяць месяцаў пасля суда інфармацыя пра яго трапіла ў СМІ — працэс быў закрыты, як і ўсе падобныя справы ў Беларусі цяпер.
Толькі цяпер, праз чатыры гады пасля затрымання першая інфармацыя пра дэталі справы стала вядомая журналістам — калі чалавек, які вызваліўся з ПК-22, перадаў «Нашай Ніве» ліст, напісаны Сяргеем Ботвічам.
Пасля той публікацыі на нас выйшаў іншы знаёмы Ботвіча, які расказаў, што яшчэ ведае пра дзейнасць гэтага прадпрымальніка ў Беларусі перад затрыманнем і няясную ролю высокапастаўленага сілавіка С. у гэтай справе.
Чытайце падрабязнасці: «Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі
Сяргей Ботвіч нарадзіўся ў вёсцы Новы Двор у Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці. Ён скончыў Мінскі інстытут замежных моваў — цяпер гэта Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт замежных моў.
Імаверна, па месцы свайго пражывання па стане на 1991 год ён стаў грамадзянінам Расіі, а потым таксама атрымаў грамадзянства Францыі і Літвы. Сферай яго камерцыйных інтарэсаў быў у асноўным аптовы гандаль вугалем.
У 2010‑х Ботвіч зацікавіўся вытворчым бізнэсам на радзіме і стаў удзельнічаць у будаўніцтве невялікага завода па перапрацоўцы недзелавой драўніны ў Свіслацкім раёне. Будаўніцтва заводзіка пачалося ў 2014-м, але ішло са скрыпам. Сам Ботвіч у гэты час жыў у Літве і бываў у Беларусі наездамі.
Заводзік так і не запусціўся, а на Ботвіча ў чэрвені 2018‑га завялі крымінальную справу.
Згодна са звесткамі з базаў «Кіберпартызанаў», фабула крымінальнай справы супраць мужчыны гучыць так:
«Ботвіч Сяргей… наўмысна, з карыслівых намераў, не збіраючыся выконваць узятыя на сябе абавязацельствы, шляхам падману і злоўжывання даверам, на падставе ўдзелу ў інвестыцыйным праекце па будаўніцтве завода па вытворчасці вугалю, завалодаў грашовымі сродкамі ТАА «Эрабль груп» (заснаваная ў канцы 2014‑га, цяпер у ліквідацыі — НН) у суме 734 тысяч еўра».
Вытворчасць па гэтай справе была спыненая згодна п. 5 ч. 1 ст. 246 УПК — хутчэй за ўсё, праз знаходжанне мужчыны за мяжой. Але не таму, што Ботвіч уцёк. Гэта хутчэй проста юрыдычная нагода. У тым 2018-м, паводле даных базы «Пасажырапаток», Ботвіч 19 разоў бываў у Беларусі, адзін раз у 2019-м, тры разы ў 2020‑м і адзін — відаць, апошні, — у 2021.
У чым была сутнасць абвінавачванняў, выстаўленых у 2021-м? Дагэтуль не было яснасці. У адзіным перададзеным на волю праз «Нашу Ніву» лісце Ботвіч сцвярджае, што стаў ахвярай правакацыі.
«Я быў выкрадзены супрацоўнікамі КДБ Беларусі і ўзяты пад варту 21 чэрвеня 2021 (будучы этнічным беларусам, я прыехаў праведаць сястру і наведаць магілы бацькоў і сваякоў). Паўтара года трымалі ў адзіночнай камеры. Падвяргалі 10‑гадзінным допытам (скрыжаваным), пакідаючы без ежы і піцця на гэты час пры [маіх] хранічных захворваннях: цукроўка, посттрамбозны сіндром, гіпертанія і падагра», — расказвае Ботвіч у пачатку ліста.
Мне прапаноўвалі, піша ён, «ажыццявіць самаагавор пра нібыта шпіёнскую дзейнасць на карысць Літвы і абгавор органаў дзяржбяспекі Літоўскай Рэспублікі. Патрабавалі пацвердзіць той факт, што нібыта я з'яўляюся супрацоўнікам Дэпартамента дзяржбеспекі Літоўскай Рэспублікі. Па ўсіх дакументах я праходзіў як замежны разведчык.
Знаёмы Ботвіча расказаў «Нашай Ніве», што гісторыя, якая скончылася справай аб шпіянажы, наколькі ён ведае, пачалася за год да затрымання Ботвіча, у 2020‑м.
Нібыта ад Ботвіча шантажом і пад пагрозамі канфіскацыі завода, які той будуе, патрабавалі грошы ад імя аднаго з высокапастаўленых беларускіх сілавікоў. Назавем яго С., бо мы пакуль не маем магчымасці пацвердзіць ці абвергнуць гэтую гісторыю з іншых крыніц.
І Ботвіч іх плаціў — перадаючы іх ганцу, які прыязджаў у Літву. (Знаёмы Ботвіча не ведае, ці сапраўды гэта былі людзі, звязаныя з С., ці гэта былі жулікі, якія выкарыстоўвалі імя С. для разводу і шантажу, ці гэта быў элемент контрразведвальнай аперацыі або правакацыя.)
Паколькі С. быў высокапастаўленым афіцэрам аднаго з сілавых ведамстваў, Ботвіч не знайшоў лепшага варыянта, чым паскардзіцца ў КДБ. А тыя, па словах крыніцы «Нашай Нівы», прапанавалі Ботвічу паўдзельнічаць у аператыўнай гульні: абвешацца камерамі і даць хабар у Беларусі, каб яны маглі разабрацца з шантажыстамі. Ботвіч пагадзіўся.
Асобы, якія выдавалі сябе за пасыльных ад С., былі затрыманыя пры атрыманні хабару ў Беларусі. У падраздзяленні С. былі праведзеныя вобшукі і арышты, сам С. злёг у бальніцу з інфарктам.
Ботвіч даў паказанні і вярнуўся ў Літву.
С. даказаў сваю невінаватасць і атрымаў павышэнне.
Самога Ботвіча ў 2021 годзе запрасіў у Беларусь адзін з чэкістаў, якія вялі старую аперацыю, каб, нібыта, Ботвіч дапоўніў свае мінулагоднія паказанні.
«Ці не будзе С. мне помсціць? Я разумею, што такое чалавек пры яго пасадзе ў Беларусі», — пытаўся Ботвіч.
«З вамі нічога не здарыцца, пад нашы гарантыі», — у такім духу адказалі яму з КДБ.
Ботвіч, як бачна з базы «Пасажырапаток», прыехаў з Літвы ў Беларусь на гэтую сустрэчу на аўтамабілі «Мазэраці». Але па прыбыцці быў затрыманы і змешчаны ў СІЗА па артыкуле «шпіянаж».
Далейшае развіццё падзей у інтэрпрэтацыі Ботвіча мы ведаем з яго першага ліста.
«Нібыта ад майго імя праз Тэлеграм спрабавалі развесці маю жонку Вольгу і пацвердзіць факт маёй працы ў LR VSD. У прыватнасці, прасілі (ад майго імя) пераслаць у Беларусь мой службовы тэлефон, а таксама пацвердзіць факт знаёмства з нейкім Томасам. На шчасце, мая жонка ўсё абвергла. Аднак беларускія спецслужбы выкарысталі гэты інцыдэнт, каб па-свойму інтэрпрэтаваць гэты факт. У прыватнасці, яны сцвярджаюць, што я настолькі заканспіраваны супрацоўнік, што нават жонка не ў курсе маёй прыналежнасці да LR VSD, — пісаў ён. — 27 красавіка 2022 года на памежным пераходзе «Прывалка» затрымалі грамадзяніна Літвы Валянціна Казлоўскага і ён агаварыў мяне, сцвярджаючы, што я з'яўляюся супрацоўнікам літоўскай спецслужбы. Таксама Казлоўскі быў папярэджаны, што не павінен расказваць пра гэты факт у Літве».
Цяпер Ботвіч без сувязі са сваякамі — яны пражываюць за мяжой, а ён адбывае свой гіганцкі тэрмін у Воўчых Норах.
Два былыя вязні, якія сядзелі ў ПК-22, расказалі «Нашай Ніве», што Ботвіча абвясцілі «злосным парушальнікам рэжыму», яму абмежаваная магчымасць закупак у краме.
Ботвіч — дыябетык. Былыя вязні расказалі, што ён працуе на ўчастку нізкакваліфікаванай працы, пад адкрытым небам, і ў любое надвор'е пілуе дошкі двуручнай пілой ці чысціць правады і кабелі на каляровы метал. Будыніны, у якім можна схавацца ці хоць часова пагрэцца зімой, на той прамзоне няма — памяшканне, у якім вязні перапранаюцца, замыкаецца на замок да вечара.
Людзі, якія сядзелі ў адной калоніі з Ботвічам, кажуць пра кепскі стан яго здароўя.
Сяргей Ботвіч у 2017-м. Фота: Беларусь сегодня
«Наша Ніва» звязалася са сваякамі Ботвіча. Яны адмаўляюцца размаўляць з журналістам і каментаваць абставіны ягонай крымінальнай справы. Але ад знаёмага сям'і нам стала вядома, што сыны Ботвіча нядаўна звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта Літвы і ў адміністрацыю Лукашэнкі, дзе іх лісты прынялі і зарэгістравалі.
Трое сыноў Ботвіча звяртаюцца да Лукашэнкі, апелюючы да ягоных бацькоўскіх пачуццяў, спадзяюцца, што ён зразумее клопат дзяцей аб лёсе іхнага бацькі.
Вось тэкст гэтага звароту, ён падпісаны Даніэлюсам Ботвічам, Уільямам Служманам і Дзмітрыем Ботвічам.
«Паважаны спадару прэзідэнт,
Мы, сыны Сяргея Іванавіча Ботвіча, звяртаемся да Вас з глыбокай чалавечай просьбай перагледзець абставіны справы і ўмовы яго ўтрымання.
Наш бацька знаходзіцца ў папраўчай калоніі №22 у Брэсцкай вобласці. Мы як ягоныя сыны адчуваем роспач і бездапаможнасць, паколькі нам практычна немагчыма звязацца з ім, а інфармацыя аб яго стане моцна абмежаваная.
Мы не займаем палітычнай пазіцыі — наша просьба выключна гуманітарная. Мы заклапочаныя яго здароўем, маральным і фізічным станам, умовамі ўтрымання.
Улічваючы ягоны ўзрост, сямейныя абставіны, а таксама тое, што адзін з ягоных сыноў з’яўляецца непаўналетнім, просім вас як кіраўніка дзяржавы і бацьку праявіць спагаду і разгледзець магчымасць:
— перагляду справы ў больш адкрытым і справядлівым парадку,
— або хаця б змякчэння ўмоў утрымання, пераводу ў іншую ўстанову,
— або памілавання паводле гуманітарных меркаванняў.
Мы верым у моц чалавечнасці ды справядлівасці і спадзяёмся, што вы звернеце ўвагу на гэтую просьбу, заснаваную на любові да бацькі і жаданні дапамагчы яму выжыць.
З павагай і надзеяй».
* * *
У цяжкі для Беларусі час «Наша Ніва» застаецца голасам усіх беларусаў, незалежна ад таго, хто яны і дзе жывуць, і перадусім голасам тых, хто не можа гаварыць унутры краіны.
Наша праца немагчымая без вашай падтрымкі. Ці вы беларусы, ці вы літоўцы: калі вы прачыталі гэты артыкул і вам важна тое, што мы робім, падтрымайце нас праз Патрэон, праз Пэйпол, або перадаўшы данат Рэдакцыі любым іншым зручным для вас спосабам, праз тых рэдактараў і журналістаў «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце асабіста.
А яшчэ — падказвайце нам, на што звярнуць увагу, і перадавайце інфармацыю знутры Беларусі праз сакрэтны чат у тэлеграме @nn_editor або на мэйл nivanasha@proton.me. Або ў Сігнал ці іншым спосабам тым з рэдактараў і журналістаў «НН», якіх ведаеце асабіста.
{DONATE_PAYPAL}