У Верхнядзвінскім раёне ферма запаскудзіла гноем мясцовую рэчку
22 верасня 2025 года на жывёлагадоўчым комплексе «Сардыкі» УПП «Ужыцa-Агра» ў Верхнядзвінскім раёне адбылася экалагічная аварыя. У выніку перапаўнення гноеназапашвальніка «Лагуна» гнаявыя сцёкі пачалі разлівацца па сельскагаспадарчых землях. Частка іх трапіла ў ручай, які ўпадае ў раку Сар’янку, паведамляе Мінпрыроды.
Фота: Мінпрыроды
Для ацэнкі маштабу забруджвання былі адразу ж узятыя пробы як саміх гнаявых сцёкаў, так і вады ў ручаі і рацэ. Гэта дазволіць высветліць узровень хімічнага і біялагічнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.
Фота: Мінпрыроды
Па стане на 20:00 таго ж дня скід гнаявой жыжкі ў прыроду быў спынены. Прадпрыемства прыняло меры: пачалі вывозяць сцёкі з перапоўненага назапашвальніка, каб прадухіліць паўторнае разліванне.
Цяпер чакаюцца вынікі лабараторнага кантролю. У залежнасці ад іх кампетэнтныя органы вызначаць меры адказнасці і прымуць рашэнні паводле экалагічнага заканадаўства.
Чытайце таксама:
Сховішча для радыеактыўных адкідаў пабудуюць да 2030 года
На дне колішняга Кахоўскага вадасховішча цяпер растуць таполі і вербы, а ў Дняпро вярнуліся асятры