БЕЛ Ł РУС

У Мінску затрымалі «групу нацыстаў». На відэа ў асноўным украінская сімволіка

26.09.2025 / 21:16

Nashaniva.com

Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла, што 26 верасня ў Мінску затрымалі групу «прыхільнікаў нацысцкай і фашысцкай ідэалогіі». На відэа паказалі два затрыманні і адно «пакаяннае» відэа, а таксама ў асноўным звязаную з Украінай сімволіку і рэчы, якія нібыта выкарыстоўваліся для «прапаганды гвалту і нянавісці».

Скрыншот з відэа

Пачынаецца відэа з архіўных кадраў нацысцкай Германіі, пасля паказваюцца кадры, падпісаныя як 2022 год ва Украіне.

Затрыманыя мужчыны — коратка стрыжаныя, з бародамі. На відэа паказваюць, як адзін з іх выходзіць з майстэрні з нацысцкім жэстам, затым сілавікі выцягваюць яго з аўто і прымушаюць зняцца ў «пакаянным» відэа з украінскімі шэўронамі і заткнутым за пояс украінскім сцягам. Другога затрымалі ў кватэры, прымусіўшы ляжаць на падлозе.

Падчас ператрусаў канфіскавалі «нацысцкую сімволіку», «экстрэмісцкую літаратуру» і рэчы для прапаганды. Сярод іншага паказваюцца ўкраінскі сцяг, украінскія шэўроны і кубак са знакам спецпадраздзялення украінскага падраздзялення Kraken, якое належыць да ГУР. Сімволіка, якую можна залічыць да нацысцкай, прамільгвае толькі на кадрах з электронных прыладаў.

Колькасць затрыманых пакуль не раскрываецца, паказалі толькі двух чалавек.

Чытайце таксама:

У расійскай Іашкар-Але беларуса аштрафавалі за паведамленне «Слава Украіне!» з імітацыяй парасячага віску

«Міліцэйская дзяржава». Прарасійская актывістка Мірсалімава скардзіцца, што міліцыя не пакідае яе ў спакоі

«Апантаны ідэяй рэваншу за разгром нацысцкай Германіі». Расійскія і лукашэнкаўскія СМІ выбралі новую цэль

Каментары да артыкула