У Малдове за два дні да выбараў адхілілі ад іх яшчэ адну прарасійскую партыю
Напярэдадні выбараў у парламент Малдовы, якія адбудуцца 28 верасня, улады краіны адхілілі ад удзелу яшчэ адну прарасійскую палітычную сілу. Гаворка ідзе пра партыю Moldova Mare («Вялікая Малдова»), якой кіруе Вікторыя Фуртунэ.
Вікторыя Фуртунэ
Цэнтрвыбаркам Малдовы ў пятніцу прыняў рашэнне аб адхіленні «Вялікай Малдовы» ад выбараў, спаслаўшыся на матэрыялы Службы інфармацыі і бяспекі, антыкарупцыйнага цэнтра і паліцыі. Партыю абвінавацілі ў незаконным фінансаванні, атрыманні замежных сродкаў, падкупе выбарцаў і ў тым, што яна фактычна ўдзельнічала ў замаскаваным блоку, звязаным з забароненай у 2023 годзе партыяй «Шор».
Старшыня партыі Вікторыя Фуртунэ летам ужо трапіла пад санкцыі ЕС за сувязі з уцекачом-алігархам Іланам Шорам. Яна назвала дзеянні ЦВК незаконнымі і заявіла пра намер абскардзіць рашэнне.
Раней ЦВК таксама забараніў удзел у выбарах іншай прарасійскай сіле — партыі «Сэрца Малдовы», дзейнасць якой суд абмежаваў на год пасля расследаванняў, звязаных з падкупам выбарцаў, незаконным фінансаваннем і адмываннем грошай.
Такім чынам, з «Патрыятычнага блока» ўжо дзве партыі не дапушчаныя да выбараў.
Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што гэтыя выбары — «найважнейшыя ў гісторыі краіны». Захаванне большасці партыяй «Дзеянне і салідарнасць» азначае працяг курсу на еўрапейскую інтэграцыю, а яе страта можа адкрыць шлях да вяртання прарасійскіх сіл.
Чытайце таксама:
«Вялікае супрацьстаянне паміж Расіяй і Еўропай». Што адбываецца ў Малдове напярэдадні выбараў