БЕЛ Ł РУС

Чаму Украіна перамагае ў вайне

28.09.2025 / 16:48

Nashaniva.com

«Перамогу ў вайне атрымлівае не той бок, які заваёўвае больш зямлі, разбурае больш гарадоў ці забівае больш людзей, а той, хто дасягае сваіх палітычных мэтаў. І ў выпадку з Украінай ужо відавочна, што Пуцін не здолеў дасягнуць сваёй галоўнай ваеннай мэты — знішчэння ўкраінскай нацыі», — піша гісторык і філосаф Юваль Ной Харары ў сваім артыкуле ў Financial Times.

Украінскія салдаты страляюць з мінамёта па пазіцыях расійскай арміі паблізу Часавага Яра, Данецкая вобласць, Украіна, у нядзелю, 16 сакавіка 2025 года. Фота: Oleg Petrasiuk / Ukraine's 24th Mechanized Brigade via AP

Як даводзіць Харары, насуперак расійскай прапагандзе, Украіна дагэтуль перамагае ў вайне. Нават Дональд Трамп, які раней раіў прэзідэнту Зяленскаму саступіць патрабаванням Расіі, цяпер заяўляе, што «Украіна, пры падтрымцы Еўрапейскага саюза, мае магчымасць змагацца і ПЕРАМАГЧЫ».

Як нагадвае Харары, калі 24 лютага 2022 года пачалося поўнамаштабнае ўварванне, не толькі расійскае кіраўніцтва, але і многія ў свеце, у тым ліку і заходнія партнёры, чакалі хуткага падзення Кіева і нават прапаноўвалі эвакуацыю прэзідэнту Зяленскаму.

Аднак Зяленскі вырашыў застацца, а ўкраінскія войскі, саступаючы ў колькасці, здзівілі свет, адбіўшы наступ на сталіцу. Больш за тое, у канцы лета 2022 года ўкраінская армія перайшла ў контрнаступ і вызваліла значныя тэрыторыі ў Харкаўскай і Херсонскай абласцях.

З таго часу, паводле аўтара, лінія фронту практычна не рухалася. Ён падкрэслівае, што, нягледзячы на спробы Расіі стварыць уражанне пастаяннага прасоўвання, з вясны 2022 года яна не змагла дабіцца ніводнай буйной стратэгічна важнай мэты.

«У 2025 годзе расійскай арміі ўдалося захапіць толькі вузкую палоску ўздоўж фронту, якая, паводле найбольш надзейных крыніц, складае каля 0,6% ад агульнай тэрыторыі Украіны. Пры тых тэмпах, з якімі яны рухаліся ў 2025 годзе, тэарэтычна расіянам спатрэбілася б каля 100 гадоў і дзясяткі мільёнаў ахвяр, каб заваяваць астатнюю частку Украіны. Фактычна, у жніўні 2025 года Расія кантралявала меншую тэрыторыю Украіны, чым у жніўні 2022 года», —

адзначае Харары і параўноўвае сітуацыю з акопнай вайной часоў Першай сусветнай, на якой велізарныя ахвяры прыносіліся дзеля мізэрных тэрытарыяльных поспехаў, якія прапаганда выдавала за вялікія перамогі. На яго думку, тое самае адбываецца і з апошнімі «прасоўваннямі» расійскай арміі.

Украіна, як адзначаецца ў тэксце, выкарыстоўвае разумную тактыку: захоўвае свае сілы, дазваляючы расіянам даводзіць сябе да знясілення ў дарагіх і безвыніковых атаках. Гэта прывяло да таго, што Украіна фактычна спыніла расійскі наступ.

Як сказаў аўстралійскі генерал-маёр Мік Раян, калі б ЗША ў 2003‑м праз 3,5 года захапілі б усяго 20% Ірака, страціўшы пры гэтым мільён чалавек, наўрад ці б хто-небудзь палічыў гэта перамогай.

Не менш уражлівымі аўтар лічыць дасягненні на моры. Нягледзячы на першапачатковую перавагу расійскага Чарнаморскага флоту, украінцы з дапамогай інавацыйнага выкарыстання ракет і дронаў знішчылі флагман «Масква» і мноства іншых караблёў. Гэта дазволіла нейтралізаваць расійскі флот і змяніць сам характар марской вайны.

У паветры Расія таксама не змагла здабыць панаванне і панесла значныя страты. У адказ яна тэрарызуе ўкраінскія гарады ракетамі, у той час як украінскія дроны паспяхова атакуюць вайсковыя аб'екты і нафтаперапрацоўчыя заводы ў глыбіні Расіі.

Самае слабае звяно

Аўтар падкрэслівае, што Украіна дасягнула ўсяго гэтага без прамога ўмяшання войскаў НАТА, атрымліваючы толькі зброю і рэсурсы. Пры гэтым

Захад доўгі час абмяжоўваў пастаўкі цяжкага ўзбраення. На думку аўтара, калі б поўная падтрымка была аказана з самага пачатку, Украіна магла б перамагчы яшчэ ў 2022 ці 2023 годзе.

Аўтар сцвярджае, што самым слабым звяном у абароне Украіны з'яўляецца не фронт, а воля яе заходніх партнёраў. Паколькі Расія не можа дасягнуць ваеннай перамогі, яе стратэгія цяпер скіраваная на тое, каб з дапамогай прапаганды пра «непазбежную перамогу» зламаць рашучасць амерыканцаў і еўрапейцаў і прымусіць іх спыніць падтрымку Кіева.

Ён папярэджвае, што паддацца гэтаму ціску будзе катастрофай не толькі для Украіны, але і для краін НАТА, якія страцяць аўтарытэт і сваю галоўную абарону ад расійскай пагрозы.

Украінская дальнабойная крылатая ракета «Фламінга». Фота: AP Photo/Efrem Lukatsky

У артыкуле падкрэсліваецца, што ўкраінская армія з'яўляецца найбуйнейшай і самай баяздольнай сілай у Еўропе, якая стрымлівае Расію. Гэта найважнейшы вайсковы актыў кантынента, асабліва калі ЗША вырашаць не ўмешвацца ў магчымы канфлікт.

«Польская, нямецкая і французская арміі разам маюць каля 200 000 салдат, большасць з якіх ніколі не нюхалі пораху. Украінская армія, наадварот, налічвае каля мільёна салдат, большасць з якіх загартаваныя ў баях.

Пасля двух тыдняў, на працягу якіх расійскія самалёты ўварваліся ў паветраную прастору Эстоніі, а дроны былі заўважаны над Польшчай і Румыніяй, еўрапейцы павінны задумацца: калі Расія заўтра нападзе на Еўропу, а ЗША вырашаць не ўмешвацца, іх найбуйнейшым вайсковым актывам будзе менавіта ўкраінская армія», — піша Харары.

Аўтар адзначае, што асабліва ў сферы вайны беспілотнікаў, інавацыі Украіны і назапашаны ёю велізарны масіў даных робяць яе сусветным лідарам. На яго думку, мабыць, гэта і ёсць адна з прычын, чаму прэзідэнт Трамп апошнім часам стаў больш падтрымліваць Украіну: Трамп любіць ставіць на пераможцаў.

Украіна перамагае ўжо

Немагчыма прадказаць, як будзе развівацца вайна, — даводзіць Харары, — бо гэта залежыць ад будучых рашэнняў. Аднак, на яго погляд, у адным вырашальным аспекце перамога Украіны ўжо з'яўляецца канчатковай і незваротнай.

Фота: Celestino Arce NurPhoto via Getty Images

«Вайна — гэта працяг палітыкі іншымі сродкамі. Перамогу ў вайне атрымлівае не той бок, які заваёўвае больш зямлі, разбурае больш гарадоў ці забівае больш людзей, а той, хто дасягае сваіх палітычных мэтаў. І ў выпадку з Украінай ужо відавочна, што Пуцін не здолеў дасягнуць сваёй галоўнай ваеннай мэты — знішчэння ўкраінскай нацыі», — піша Харары.

Каб падмацаваць гэты тэзіс, аўтар тлумачыць, што ў многіх сваіх прамовах і артыкулах Пуцін сцвярджаў, што Украіна ніколі не была сапраўднай нацыяй. Ён пачаў вайну, каб даказаць свету, што ўкраінскай нацыі не існуе, што ўкраінцы — гэта насамрэч рускія, і што пры першай жа магчымасці яны з радасцю далучацца да «Маці-Расіі».

«Ніхто не ведае, колькі яшчэ людзей загіне з-за ілюзій і амбіцый Пуціна, адна рэч стала абсалютна зразумелай для ўсяго свету: Украіна — гэта вельмі рэальная нацыя, і мільёны ўкраінцаў гатовыя змагацца не на жыццё, а на смерць, каб застацца незалежнымі ад Расіі.

Нацыі ствараюцца не з кавалкаў зямлі ці кропляў крыві. Яны складаюцца з гісторый, вобразаў і ўспамінаў у свядомасці людзей. Незалежна ад таго, як вайна будзе разгортвацца ў бліжэйшыя месяцы, памяць пра расійскае ўварванне, расійскія зверствы і пра ўкраінскія ахвяры будзе падтрымліваць украінскі патрыятызм для наступных пакаленняў», — падсумоўвае Харары.

Чытайце таксама:

Фон дэр Ляен: Пуцін прайграе, а Украіна пераможа 

Цімаці Снайдэр: Калі Украіна пераможа ў вайне, шанец стаць нармальнай краінай з'явіцца і ў Расіі

Кіраўнік разведкі, якая першай прадказала напад Расіі ў дэталях: «Украіна пераможа, а Расія не выкарыстае ядзернай зброі»

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны

Каментары да артыкула