БЕЛ Ł РУС

У Беларусі ў чарзе па бульбу зладзілі сапраўдныя «галодныя гульні»

29.09.2025 / 16:41

Nashaniva.com

У мінскім гіпермаркеце «Грын» прадавалася бульба па 65 капеек за кілаграм і капуста па 49 капеек, што значна танней, чым на кірмашах. Гэта выклікала сапраўдны ажыятаж: людзі рваліся ў чаргу, быццам прадукты раздавалі бясплатна. Два відэа з чаргі, якую ахрысцілі «галоднымі гульнямі», набралі па паўмільёна праглядаў у сацсетках, заўважыла выданне «Першы».

Некаторыя пакупнікі нават сварыліся, калі бульбы ўсім не хапіла, і патрабавалі даставіць яе са склада. Прадаўцы ў адказ прапаноўвалі пісаць скаргі. Тым, хто набыць бульбу не змог, давалі гарантыю, што новы яе прывоз будзе ў аўторак. Тыкток-аўтар расказаў, што яму ўдалося набыць тры мяшкі бульбы сорту «Беллароза», яна аказалася смачнай.

@andrei_sibir_tiktok_hits ✅ КАРТОФЕЛЬНЫЙ БУМ В БЕЛАРУСИ #андрейсибирь #картофельныйбум #картошка #картофель #смехдослез ♬ оригинальный звук - Andrei_Sibir_TikTok_Hits

Хоць прапанова была адной з самых выгадных, не ўсе гатовыя стаяць у такой чарзе. Тым больш што на рынку ў Табарах пад Мінскам бульбу па 60 капеек таксама можна часам купіць, хоць гэта не заўсёды лёгка. На іншых рынках перад выхаднымі цана складала 79—95 капеек.

Сацсеткі раздзяліліся ў меркаваннях адносна таго, што адбываецца: з аднаго боку, людзі злаваліся на перакупшчыкаў, якія потым прадавалі бульбу па 1,30 рубля, і на тых, хто панабіраў прадукт мяшкамі, не даўшы іншым набыць хоць трохі, а з другога — заўважалі, што для мінчукоў гэта магчымасць ашчадзіць. Іншыя іранічна каментавалі: «А дзе вы будзеце захоўваць усе гэтыя мяшкі ў кватэрах?»

Як заўсёды, няма адзінства адносна таго, ці для беларусаў важная менавіта танная бульба, ці яны гатовыя стаяць у чарзе за любым таварам з жоўтай наклейкай «акцыя».

Чытайце таксама:

«Адзін мінус — тут я разлюбіў бульбу». Егіпцянін ажаніўся з беларускай і пераехаў у Брэст

У Расію не прапусцілі 22 тоны беларускай бульбы

Новым сімвалам беларускага турызму зрабілі кветку бульбы

Каментары да артыкула