БЕЛ Ł РУС

Былы ваеннапалонны Буткевіч: Беларускія турмы можна параўнаць з вельмі жорсткімі ўмовамі ўтрымання ўкраінскіх палонных у Расіі

29.09.2025 / 21:31

Nashaniva.com

Парламенцкая асамблея Рады Еўропы 29 верасня ў Страсбургу ўручыла прэмію ў галіне правоў чалавека імя Вацлава Гавела. Лаўрэатам 2025 года стаў украінскі журналіст і праваабаронца, былы вайсковец і ваеннапалонны Максім Буткевіч, якога ў 2024 годзе вызвалілі з палону паводле абмену. Да поўнамаштабнай вайны Максім Буткевіч як абаронца правоў чалавека шмат дапамагаў беларускім уцекачам ва Украіне. У інтэрв'ю «Радыё Свабода» Буткевіч расказаў, як можна параўнаць стан беларускіх палітвязняў і ўкраінскіх палонных у Расіі і на акупаваных яе тэрыторыях і ці будзе ён надалей апекавацца лёсам уцекачоў-беларусаў.

Максім Буткевіч

Максім Буткевіч сказаў, што пасля палону надалей адчувае сябе праваабаронцам. Але не толькі:

«Гэта пакліканне, тое, што ў маім сэрцы, — абарона правоў чалавека. Але цяпер частка маёй ідэнтычнасці — быць датычным да Сіл абароны Украіны. І я журналіст, бо вярнуўся да свайго Грамадскага радыё, дзе зноў вяду сваю праграму, прысвечаную правам чалавека. Гэтыя тры ідэнтычнасці ўва мне застаюцца».

Буткевіч прызнаў, што вяртаецца да пытанняў абароны правоў чалавека, якіх ва Украіне цяпер шмат.

«Але тэма эміграцыі беларусаў, людзей, якія пакінулі свае дамы, застаецца са мной, таму што я ёй шмат часу і свайго жыцця прысвяціў, і яна застаецца для мяне вельмі важнай. Гэта тычыцца грамадзян розных краін і беларусаў у тым ліку. Я не магу забыць і пра Беларусь, і пра тых беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну, з некаторымі я застаюся ў кантакце.

Тое, праз што праходзіць Беларусь, — гэта безумоўна трагедыя. І я вельмі спадзяюся, што Беларусь будзе свабоднай і тыя, хто захоча, вернуцца. Але гэта магчыма толькі тады, калі Украіна будзе вольнай і зможа адстойваць сваю свабоду і незалежнасць. Для мяне барацьба за Украіну, за яе свабоду, — гэта барацьба і за Беларусь таксама. І гэта для мяне важна цяпер».

Максім Буткевіч параўнаў, як украінцы выходзілі з расійскага палону з тым, як выходзілі з турмаў знясіленыя беларускія палітвязні, часам яны нават знешне выглядалі падобна:

«У розных месцах утрымання ўкраінскіх палонных умовы адрозніваюцца. Яны нідзе не добрыя наогул, але недзе большы ўзровень фізічнага гвалту, недзе меншы…

Наколькі я ведаю, у Беларусі ў няволі, там, дзе знаходзяцца палітычныя вязні, рэжым усюды жорсткі і надзвычай абмежаваная камунікацыя са знешнім светам, таму даведацца, як гэта адбываецца там, складана. Але з таго, што я ведаю, гэта можна параўнаць з некаторымі вельмі жорсткімі ўмовамі ўтрымання ўкраінскіх палонных у Расіі. Магчыма, з меншай колькасцю свавольства, а больш закручаным рэжымам».

Стаўленне да Беларусі цяпер у параўнанні з 2022 годам у яго не змянілася, кажа Буткевіч:

«Яно не змянілася. Беларусь з’яўляецца краінай, акупаванай Расіяй. У 2021 годзе ў Беларусь увайшлі расійскія войскі для вучэнняў і не выйшлі адтуль ніколі. У міжнародным праве гэта мае назву акупацыя. Гэта трагедыя, праз якую цяпер праходзіць Беларусь».

Чытайце таксама:

«Я сказаў на відэа, што мяне не катуюць — на той момант гэта было праўдай. А праз дзве гадзіны мяне збілі». Украінскі журналіст два гады правёў у расійскім палоне — вось што ён перажыў

Новы абмен палоннымі вызваліў з расійскай няволі ўкраінскага праваабаронцу Максіма Буткевіча. Ён дапамагаў і беларусам

«Я займаюся гэтым». Джон Коўл пра вызваленне Алеся Бяляцкага

Саша Філіпенка: Статкевіч — глыба, але ў Беларусі ўжо дастаткова Мандэлаў на квадратны метр

Каментары да артыкула