Саша Філіпенка: Статкевіч — глыба, але ў Беларусі ўжо дастаткова Мандэлаў на квадратны метр
Беларускі пісьменнік Саша Філіпенка даў інтэрв’ю расійскаму тэлеканалу «Дождь», на якім працаваў у 2010‑х гадах. У размове ў студыі «Дождя» ён выказаўся пра расійскага апазіцыйнага лідара Аляксея Навальнага, які памёр (як лічыць удава, быў забіты) у расійскай калоніі, і пра Міколу Статкевіча, які адмовіўся ад гвалтоўнага вывазу з Беларусі і цяпер, імаверна, зноў за кратамі. Змест гэтай размовы пераказаў «Белсат».

Спачатку вядоўца абмеркаваў з Філіпенкам відэа ўдавы Аляксея Навальнага — Юліі Навальнай. Яна паказала апошнюю цыдулку ад мужа, фота камеры, у якой паміраў муж, і заявіла пра доказы таго, што Навальны не проста памёр, а быў атручаны ў калоніі.
Філіпенка сказаў, што «з гэтым немагчыма змірыцца». Адзначыў, што толькі дачытаў кнігу Навальнага — з аднаго боку, атрымаў асалоду ад якасці тэксту, але гэта было «няпростае чытанне».
Вядоўца пабачыў паралелі ў лёсах Навальнага і Статкевіча: абодва не захацелі пакідаць радзіму, нягледзячы на пагрозу жыццю. Навальны вярнуўся ў Расію пасля першага атручвання, Статкевіч адмовіўся ад вызвалення з прымусовым вывазам з краіны. У эфіры паказалі выступ Лукашэнкі, з якога вынікае, што Статкевіч цяпер зноў у турме.
Філіпенка ахарактарызаваў выступ Лукашэнкі як «словы нейкага кончанага апошняга мярзотніка», якія «немагчыма сур’ёзна слухаць». Статкевіча ж Філіпенка назваў «глыбай для беларусаў», а ягоны ўчынак «вельмі важным сімвалічна».
«Мы разумеем, што ў тыя дні, калі людзей вызваляюць, значна больш затрымліваюць, — адзначыў Філіпенка. — Мы разумеем, што гэта абсалютна садысцкія вызваленні».
Філіпенка нагадаў, што даведацца, дзе многія зняволеныя і што з імі, цяжка таму, што шмат каго гадамі трымаюць без сувязі з вонкавым светам — у рэжыме інкамунікада.
«Я лічу, што Лукашэнка працягне рабіць тое, што рабіў трыццаць гадоў: ён працягне гандляваць людзьмі, — сказаў Філіпенка. — Я думаю, што ён абрадаваўся таму, што Статкевіч вярнуўся, бо ў яго нібыта з’явіўся каштоўны тавар, якога ён адпусціў, а які да яго вярнуўся, і ён зможа далей гандляваць ім. Аднаго чалавека можна прадаць двойчы».
Вядоўца нагадаў, што вызвалены і дэпартаваны палітвязень Сяргей Спарыш параўнаў Статкевіча з паўднёваафрыканскім апазіцыянерам, палітвязнем і ўрэшце прэзідэнтам Нэльсанам Мандэлам.
«Я паўтаруся, што Статкевіч — глыба і Мандэла ўжо даўно, — адказаў Філіпенка. — Мне здаецца, што ў Беларусі колькасць Мандэлаў на адзін квадратны метр ужо, на жаль, дастатковая».
«У нас ёсць Марыя Калеснікава, у нас ёсць той жа Бяляцкі, у нас ёсць вялікая колькасць іншых палітвязняў, якія, можа, не так вядомыя, але ад гэтага не памяншаецца чын, які яны здзяйснялі, і дзеянні, што яны выконвалі на працягу многіх гадоў. І ў гэтым сэнсе мне здаецца, што нібыта краіна і грамадства даўно гатовыя перайсці да наступнага кроку: каб дыктатура нарэшце развалілася і скончылася. Але, на жаль…
Нам усё дзяцінства расказваюць, што ў нас цудоўнае геаграфічнае становішча, што Беларусь у цэнтры Еўропы, што мы павінны атрымліваць з гэтага бонусы. Але аказваецца, што на працягу ўсёй нашай гісторыі з-за нашага геаграфічнага становішча мы цярпім.
Акрамя таго, што мы змагаемся са сваёю дыктатурай, у нас побач ёсць адна вельмі вялікая дыктатура, якая падтрымлівае гэтую дыктатуру. І ў гэтым сэнсе беларусам вельмі складана, бо нам трэба не толькі прыбраць Лукашэнку, але мы разумеем, што іголка Кашчэя для нас месціцца ў Маскве».
Вядоўца згадаў, як іншы вызвалены і дэпартаваны палітвязень Сяргей Ціханоўскі казаў, што Лукашэнка «вісіць» на Уладзіміру Пуціну. Філіпенка адказаў, што гэта больш складана: Лукашэнка пастаянна спрабуе «ўседзець на двух крэслах» і манеўраваць між Расіяй і Захадам, бо думае толькі пра сябе.
«Я цвёрда перакананы, што Лукашэнка, мякка кажучы, не любіць, а на самой справе я думаю, ненавідзіць Пуціна, і яму не падабаецца гэты ціск, — разважае Філіпенка. — Ён цвёрда перакананы яшчэ з 2000‑х гадоў, калі былі спробы зрабіць прэзідэнта «саюзнай дзяржавы», што ён быў бы лепшым прэзідэнтам Расіі, калі б у яго была такая магчымасць».
«Лукашэнка — гэта такі Гітлер, які застаўся ў Аўстрыі і не змог пераехаць у Германію. І яго стрымліваюць гэтыя рамкі Беларусі. [У «саюзнай дзяржаве»] ён мог бы разгарнуць гэтыя рэпрэсіі значна шырэй і мацней».
«І мы, на жаль, як ні спрабуем, нам цяпер даволі складана спраўляцца з гэтай сітуацыяй менавіта таму, што супраць нас дзве дыктатуры».
Філіпенка зноў згадаў Калеснікаву — тая адмовілася ад дэпартацыі яшчэ ў 2020 годзе, парвала пашпарт на мяжы. Такія жэсты кранаюць пісьменніка, але ён не ўпэўнены, наколькі яны могуць паўплываць на сітуацыю ў Беларусі і на мабілізацыю для масавых пратэстаў. Цяпер людзі ў Беларусі, заўважыў Філіпенка, займаюцца сабатажам, але адкрытыя пратэсты немагчымыя. Але гэтыя жэсты пісьменнік бачыць моцным сігналам еўрапейцам і прыхільнікам ідэі «перагарнуць старонку».
«Статкевіч сваім учынкам чарговы раз паказвае, як пад павелічальным шклом, што гэта за рэжым, як паводзяцца гэтыя людзі, як яны абыходзяцца з уласнымі грамадзянамі», — падкрэслівае Філіпенка.
І ў гэтым сэнсе, вядома, учынак Статкевіча важны яшчэ і таму, што ён чарговы раз дэманструе беларусам і нам: калі наступае момант, калі табе здаецца, што ты стаміўся, і табе падаецца, што ўжо нічога нельга змяніць, што, напэўна, прайграная вайна, ён кажа, што вайна не прайграная. Можа быць, нейкія бітвы [прайграныя], але заўсёды застаецца месца вычыну. Гэта чарговы раз, мне здаецца, ва ўсіх беларусаў распальвае такое полымя дабра».
Беларусы даўно гатовыя да таго, каб Беларусь стала еўрапейскай краінай, якая жыве паводле еўрапейскіх правіл, верыць Філіпенка, але яму цяжка ўявіць, як Беларусь зможа вырвацца з абцугоў «расійскага васьмінога».
Вядоўца адзначыў, што той васьміног цяпер не дацягваецца да Азербайджана, а імперыя можа разваліцца. Філіпенку хочацца ў гэта верыць, але цяжка сабе ўявіць вызваленне Беларусі ад расійскага ўплыву. Ён лічыць, што і амерыканцаў, якія прыязджаюць у Беларусь, цікавяць найперш не палітвязні, а ўдзел Беларусі ў «наступных падзеях».
Беларусы, рэзюмаваў Філіпенка, хацелі б, каб Беларусь нарэшце пачала хоць на некалькі стагоддзяў мець выгаду ад свайго геаграфічнага становішча, а не толькі прайграваць.
«Міколу Статкевіча шкада як чалавека, але не як быкаўскага героя»
Марына Адамовіч расказала пра сваю размову са Статкевічам на мяжы
Што расказваў Статкевіч суседзям у ноч перад выездам на мяжу
«Забралі яго. Не кінеш жа, усё ж такі наш чалавек». Лукашэнка выказаўся пра Статкевіча
Торба Мікалая Статкевіча прыехала ў Вільню, а ён застаўся без нічога
У Глыбоцкай калоніі адмовіліся казаць, дзе Статкевіч
Каментары
калі ні шанцу,
анічога -
усё ж ідзі,
любі,
крычы
і пасягай на перамогу.