БЕЛ Ł РУС

Іван Эйсмант пахваліўся, што «Інтэрбачанне» ўстанавіла ў Беларусі рэкорд па тэлепраглядах

30.09.2025 / 15:0

Nashaniva.com

«У момант галасавання кожны другі з уключаных тэлевізараў быў на кнопцы «Беларусь 1», — запэўнівае кіраўнік БТ. Праўда, гэты пік быў дасягнуты ўначы, калі многія каналы ўжо згарнулі вяшчанне, а іх аўдыторыя пайшла спаць.

Фота: Sefa Karacan / Anadolu via Getty Images

Як заўважыў кіраўнік Белтелерадыёкампаніі Іван Эйсмант у новым выпуску праграмы «Скажынемаўчы», доля тэлеаўдыторыі, якая глядзела музычны конкурс «Інтэрбачанне», была анамальна вялікая.

«Доля 27,3 на маёй памяці — рэдкі выпадак. На піку — 50. Гэта значыць, што там, дзе вымяраецца ў нас тэлеглядзенне, — гэта гарады [з насельніцтвам] 100 тысяч і вышэй, — у момант галасавання кожны другі з уключаных тэлевізараў быў на кнопцы «Беларусь 1».

Усе чакалі, дык хто ж выйграе «Інтэрбачанне». Для першага конкурсу гэта крута. Гэта нашмат лепш, чым у нас ішло «Еўрабачанне». Пад 50 доля — гэта проста нешта…».

Доля — гэта аўдыторыя канкрэтнай тэлевізійнай праграмы, выражаная ў працэнтах ад насельніцтва, якое глядзіць тэлевізар у канкрэтны момант.

Анамальныя лічбы, пра якія распавядае Іван Эйсмант, тэарэтычна маглі быць рэальнасцю. Але асноўная прычына ў тым, што момант галасавання, калі быў зафіксаваны «рэкорд», быў пасярод ночы. Эйсмант не кажа пра абсалютную колькасць гледачоў, ён згадвае толькі адносную. Натуральна, што астатнія каналы а першай ці другой гадзіне ночы не глядзіць амаль ніхто.

Аднак Эйсмант упэўнены, што такі «поспех» — яскравы адказ на забароны і спробы ізаляцыі:

«У XXI стагоддзі немагчыма ўзяць нас, я маю на ўвазе Беларусь і Расію, выкрэсліць з жыцця. Мы знаходзімся ў ізаляцыі.

Сышоў біятлон, Кубак свету — з такімі ж рэйтынгамі, а то і больш, ідзе біятлон — кубак Садружнасці з Расіяй.

Сышоў чэмпіянат свету па хакеі — паглядзіце, што робіцца з мінскім «Дынама» на «Мінск-арэне».

Сышло «Еўрабачанне» — [«Інтэрбачанне»] яшчэ круцей. Людзям яшчэ цікавей. Гэта нешта новае».

Чытайце таксама:

«Інтэрбачанне»: як пройдзе расійская альтэрнатыва «Еўрабачанню»

Пераможцам «Інтэрбачання» стаў прадстаўнік В'етнама, беларуска на шостым месцы

Амерыканскую спявачку, якая падтрымлівае ЛГБТ, у апошні момант знялі з расійскага конкурса «Інтэрбачанне»

Каментары да артыкула