БЕЛ Ł РУС

У Гродне пачалі ўпарадкоўваць найстарэйшыя могілкі Беларусі

30.09.2025 / 15:49

Nashaniva.com

Улады вырашылі ўпарадкаваць найстарэйшыя гродзенскія могілкі. Прыборкай дарожак і пляцовак тройчы на тыдзень займаюцца супрацоўнікі «Спецаўтагаспадаркі». Да працы далучыліся актывісты БРСМ і УЖРЭП Кастрычніцкага раёна, якія дапамагаюць прыводзіць у парадак зарослыя магілы, піша Hrodna.life.

Скрыншот з відэа

Могілкі, мяркуючы па відэа тэлеканала «Гродно Плюс», зноў моцна зараслі.

Валанцёры прыбіраюць расліннасць, якая замінае аглядаць помнікі. Так стане зручней праводзіць экскурсіі, расказаў дзяржаўнаму выданню начальнік Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Пісанко.

Як часта будуць праводзіць такія прыбіранні, не ўдакладняецца.

Некропаляў на гродзенскай вуліцы Антонава па сутнасці два — Фарныя каталіцкія і больш познія, праваслаўныя могілкі. Каталіцкія былі закладзены ў 1792 годзе. Гэта найстарэйшы камунальны некропаль Беларусі. Абодва не маюць афіцыйнага ахоўнага статусу. Абароненыя толькі асобныя надмагільныя помнікі. Пры гэтым усяго на могілках на Антонава каля 8000 пахаванняў, прыкладна тысяча — асабліва каштоўныя.

Скрыншот з відэа

Многія пахаванні канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя застаюцца без нагляду, бо ўжо не жывуць сваякі тых, хто тут пахаваны. Па сутнасці, гэтыя магілы аказаліся нікому не прыналежнымі.

Старыя могілкі ў Гродне маюць патрэбу не толькі ў сістэматычнай прыборцы, але і ў рэстаўрацыі, і захаванні. Пра гэта некалькі гадоў казалі грамадскія актывісты.

Яшчэ ў 2018 годзе мінчук Андрэй Бурдзенкаў пачаў праводзіць на тэрыторыі каталіцкага пахавання прыбіранні помнікаў і алічбоўваць магілы. На гэта ён траціў свае грошы. Правёў некалькі валанцёрскіх талок, але людзей на іх прыходзіла мала. У нейкі момант яны спыніліся.

Экскурсаводы, якія шмат гадоў водзяць групы па могілках, адзначалі трывожную тэндэнцыю: з пахаванняў знікаюць чыгунныя помнікі. Прычым часта гэта адбываецца паэтапна — спачатку крыж, потым калона, затым тумба. У зямлі застаецца толькі аснова. Імаверна, помнікі разбіраюць і здаюць на метал.

Таксама старыя магілы руйнуюцца. Напрыклад, вясной мінулага года на каталіцкіх могілках упала адно з найстарэйшых надмагілляў, пастаўленае ў 1802 годзе, але старасвецкую калону падымаць не было каму.

Павалены помнік з магілы 1802 года на гродзенскім могілках. Крыніца: Urban Hrodna

Згодна з картай санітарнай адказнасці Гродна, за магілы на могілках ніхто не адказвае. Прапісаная адказнасць за тэрыторыі вакол капліцы і царквы, і месцы агульнага карыстання. За самі могілкі — не.

Чытайце таксама:

На старых могілках у Гродне паваліўся 222‑гадовы помнік. І не факт, што будуць падымаць

Міліцыя знайшла вандалаў, якія разнеслі бетонную агароджу могілак. Ім па дзевяць гадоў

Серыйнага могілкавага злодзея затрымалі ў Вілейцы

«На Радаўніцу не плачуць, а ўспамінаюць». Як беларусы сталіся ледзьве не адзінымі носьбітамі старадаўняй традыцыі

Каментары да артыкула