Антонаўка даражэйшая за бананы. Пачым цяпер прадаюць яблыкі?
Яшчэ нядаўна беларусы абмяркоўвалі высокія цэны на яблыкі — часам у крамах імпартныя каштавалі па 10 рублёў за кілаграм. Блогерка Ганна Бонд здзіўлялася цэнам на антонаўку — ажно па 15 рублёў за кіло. Паглядзелі, па колькі цяпер можна набыць яблыкі, для якіх сёлета неўраджайны год.
Яблыкі на Камароўскім рынку, 19 верасня 2025 года. Фота: komarovka.by / Instagram
Яблыкі па цане экзатычных фруктаў?
«Я ўсё разумею, акрамя цэн на яблыкі ў жніўні», — пісала беларуска Аксана ў тыктоку. У краме, куды яна зайшла, асноўная частка яблыкаў на прылаўку была з Польшчы.
«У мяне толькі адно пытанне пасля 10‑дзённага адпачынку ў іншай краіне: а з цэнамі што сталася? Чаму яблыкі каштуюць шэсць рублёў?» — пытаўся ў Threads Данііл.
А Вольга ў жніўні жартавала, што яблыкі па 8‑9 рублёў каштавалі амаль як экзатычнае лічы па акцыі, якое можна было набыць за 11 рублёў.
Жыхарка Брэста ў пачатку верасня ўразілася цэнамі ў гіпермаркеце «Грын». Там прадаваліся яблыкі за 11 рублёў за кілаграм, прывезеныя з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, па 10,88 рубля за кіло — з Чылі. Яшчэ адны былі па 12 рублёў — з Італіі.
Садавод Дзмітрый Парфёнаў тлумачыў, чаму ў пачатку верасня былі такія дарагія яблыкі з-за мяжы.
Беларускія яблыкі са сховішчаў скончыліся, а ранні сорт, напрыклад, «Гала», яшчэ не саспеў. Летнія гатункі, па яго словах, фермеры цяпер не садзяць — усе вырошчваюць або восеньскія, або зімовыя гатункі, якія будуць збіраць у канцы верасня — кастрычніку.
У Брэсце і Гродне сёлета цвіценне яблыні выпала на замаразкі. «Такой кепскай вясны не было ні разу, колькі я займаюся вытворчасцю садавіны», — кажа фермер.
У Мінскай вобласці не так памерзлі яблыкі, але незвычайна халодная вясна адцягнула тэрміны збору на некалькі тыдняў.
Колькі каштуюць яблыкі цяпер?
Кілаграм беларускіх яблыкаў у каталозе «Едастаўкі» цяпер каштуе ад 4,09 да 5,45 рубля. Танней за ўсё каштуюць тыя яблыкі, якія прадаюцца з уцэнкай. Зніжка 18% дзейнічае для «Славы пераможцам» — такія яблыкі можна купіць за 4,29 рубля.
Анлайн-крама Green прапануе яблыкі па 3,58-8,39 рубля за кілаграм. Большасць — вырашчаныя ў Беларусі. Зніжка дзейнічае на сорт «Джэраміні» — яго можна набыць па 4,49 рубля.
На Камароўцы яблыкі цяпер прадаюць па 3,6-7,5 рубля за кілаграм.
Бананы, для параўнання, у крамах цяпер каштуюць каля 5 рублёў за кіло.
У мінулым годзе ў Мінску можна было набыць яблыкі прыблізна па 2‑4 рублі за кілаграм. Афіцыйная сярэдняя цана складала 3,9 рубля.
Цэны на яблыкі на Камароўскім рынку ў Мінску ў жніўні 2024 года. Фота: «Мінская праўда»
Сёлета яблыкаў сабралі амаль удвая менш, чым летась
Высокія цэны на яблыкі ў Беларусі былі абумоўлены перадусім неўраджаем. Па словах прэм’ер міністра Аляксандра Турчына, так атрымалася праз неспрыяльныя ўмовы надвор’я.
Агулам у краіне сабралі каля 40% ад таго, якім ураджай яблыкаў быў летась. Фермерам, у якіх цяпер складаная сітуацыя, Турчын прапанаваў да наступнага года ўзяць крэдыт «на камфортных умовах», каб дацягнуць да наступнага ўраджаю.
Для абароны ўнутранага рынку з 1 верасня Беларусь увяла ліцэнзаванне на экспарт яблыкаў. Для вывазу дэфіцытнай садавіны Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю будзе выдаваць прадпрымальнікам разавыя ліцэнзіі — пры гэтым міністэрства абавязана ўзгадняць кожную ліцэнзію з Мінгарвыканкамам і абласнымі выканкамамі. Змены будуць дзейнічаць шэсць месяцаў.
Чытайце таксама:
Нават Ганна Бонд у шоку ад цэнаў на яблыкі сёлета ФОТАФАКТ
У Мінску ўсё ж знайшлі танныя беларускія яблыкі ФОТАФАКТ
«Вы што, звар'яцелыя?» Жыхарка Брэста ў шоку ад цэн на яблыкі