БЕЛ Ł РУС

«Калі ўжо сюды прыляціць украінская ракета!» Вызвалены журналіст Яўген Меркіс расказаў пра шклоўскую калонію

12.10.2025 / 7:0

Вера Белацаркоўская

Былы палітзняволены Яўген Меркіс, вызвалены 11 верасня, расказаў пра гімлераўскі свет адной з самых складаных для вязняў калоній — ПК-17 у Шклове.

Яўген пасля вызвалення (справа)

Яўгена Меркіса затрымалі 13 верасня 2022 года. Яму прысудзілі чатыры гады зняволення па арт. 361‑1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) і арт. 361‑4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Меркіс адбываў тэрмін у шклоўскай калоніі №17.

«Калі мы сядзелі ў гомельскім СІЗА, нам па старой памяці казалі — маўляў, хлопцы, бойцеся трапляння ў бабруйскую калонію, там самы жорсткі рэжым. Але выявілася, што цяпер самыя цяжкія ўмовы для вязняў менавіта ў Шклове.

Атрымліваецца дзіўная сітуацыя. З аднаго боку, гэта калонія, дзе цябе могуць кідаць у ШІЗА і ўвогуле стварыць фактычна нялюдскія ўмовы жыцця. А з іншага, напрыклад, у цябе ў атрадзе стаіць гіганцкая плазма, хоць і набытая за грошы саміх сядзельцаў. Вы можаце карыстацца сэрвісам Voka і глядзець кучу каналаў, кіно і серыялы.

Калонію ўвесь час рамантуюць, зноў жа за грошы сядзельцаў. На рамонт збіраюць грошы з непалітычных, з нас збіралі сродкі толькі на газету «Працоўны шлях». Побытавыя ўмовы вельмі добрыя, і ў плане харчавання нам казалі, што шклоўская калонія лічыцца адной з найлепшых. 

Але гэта не той базавы ўзровень, які ў ХХІ стагоддзі мусіць мець чалавек, асабліва калі ён жыве ў такіх умовах месяцы і гады, а некаторыя — нават дзесяцігоддзі.

«Не ведаеш, да чаго рыхтавацца, зараз цябе павядуць у ШІЗА ці потым»

Я заехаў у калонію восенню 2023-га. Трапіў на паступовае паслабленне, адкручванне гаек.

Тыя, хто сеў у 2020-2021-м, казалі, што ў першы час для палітычных усё збольшага было акей: так, былі жоўтыя біркі і прэсінг, але нічога больш жорсткага. «Экстрэмісты» хадзілі на стадыён і ў царкву, карысталіся бібліятэкай.

А потым — некаторыя кажуць, што гэта супала са смерцю Вітольда Ашурка — моцна закруцілі гайкі і пачалі актыўна ўздзейнічаць на палітычных. Штодзень маглі да цябе дакалупацца за любую дробязь і ладзілі цэлыя спектаклі, нават калі ты нічога не парушаў. Людзі рэгулярна ездзілі ў ШІЗА, іх пазбаўлялі перадач, спатканняў для нас ніякіх не было.

Я трапіў на той момант, калі гэты тэрор яшчэ працягваўся, і гэта было вельмі жорстка. Пастаянна жывеш у напружанні, кожную секунду да цябе могуць прычапіцца, ты не ведаеш, да чаго рыхтавацца, зараз цябе павядуць у ШІЗА ці потым. Разыгрываюць цэлыя спектаклі, кпяць і здзекуюцца як могуць. Ты спрабуеш скарэктаваць свае паводзіны, каб не мець праблем, але ніякай гарантыі няма.

Гэта вельмі моцна дабівала, ты адчуваў сябе асобнай кастай. Ёсць звычайныя сядзельцы, а ёсць палітычныя — асобная катэгорыя, якую ўвесь час даймаюць. Потым стаўленне зрабілася мякчэйшым, але ўсё роўна той страх і непакой засталіся да дня вызвалення.

Першы раз я трапіў у ШІЗА проста ні за што, не ведаю, у чым была прычына. Я не парушаў ніякіх правіл, проста мне выпісалі парушэнне, нібыта я не павітаўся ў сталоўцы з афіцэрам, і я на тры дні апынуўся ў ШІЗА. Дзякуй Богу, гэта было летам, але і за гэтыя тры дні летам я на той дошцы з металічнай акантоўкай абмарозіў сабе бок, і мне зашчаміла нерв у назе. Другі раз наогул атрымаў 13 сутак зімой.

Пра ШІЗА можна асобна распавядаць. Памяшканне, дзе паўсюль кафля, там холадна. У цябе няма свайго адзення, у цябе толькі танюткая роба з выразам на грудзях, голая шыя, танюткія стаптаныя тэпцікі, шкарпэткі. І ты ў гэтым памяшканні знаходзішся 24 на 7, ніякіх шпацыраў няма. Як і ва ўсёй калоніі, табе нельга ўдзень спаць, але ты не можаш нават седзячы заплюшчыць вочы на хвіліну.

На ноч табе проста адкідваюць ад сцяны гіганцкую драўляную нару, халодную, з металічнай акантоўкай, у цябе няма ні падушкі, ні матраса. Летам фортка заўжды адчыненая, а зімой яе адчыняюць удзень, калі тэмпература на дварэ не вышэй за -5 градусаў.

«Зэк павінен пакутаваць»

У калоніі пастаянна былі жарты пра тое, калі ўжо сюды прыляціць хоць адна ўкраінская ці расійская ракета і ўсё гэта разбурыць. 

Там адна з галоўных праблем — вечны недасып. Днём нельга вочы заплюшчыць, а ноччу там не лепшыя ўмовы для моцнага сну, ноччу ў барак заходзяць афіцэры і правяраюць вязняў, ды шмат усяго адбываецца.

Таксама ёсць вечная стомленасць, таму што ты ўвесь час пад прэсінгам ды заняты. Адміністрацыя калоніі робіць усё, каб у дадатак да абавязковых мерапрыемстваў яшчэ нагрузіць зэкаў. Гэта негалосны закон, які быў узяты з арміі, як і ўся арганізацыя той сістэмы. Галоўны адміністратыўны будынак называецца штабам, мы ходзім строем, ёсць усе тыя шыхтаванні і праверкі. 

І вось з арміі ўзялі прынцып, што салдат — або вязень — мусіць увесь час быць чымсьці заняты. Таму нават калі ў цябе вольны час, табе абавязкова нешта прыдумаюць, абавязкова вылезе нейкая дадатковая фігня. Твой вольны час, твой стан і дабрабыт нікога тут не хвалююць, бо ёсць жа яшчэ найгалоўны прынцып калоніі — зэк павінен пакутаваць. У гэты прынцып упіраюцца ўсе нашы спробы зрабіць лепш, бо ў іх галовах калі ёсць зэкі, то яны павінны пакутаваць і навошта ім паляпшаць умовы?

Яўген пасля вызвалення. Фота: БАЖ

Напрыклад, у нас было 6‑7 абавязковых лекцый на месяц, і трэба было на іх ісці ў клуб усім атрадам. Пра што лекцыі? Усё што заўгодна, там вельмі прыгожыя тэмы.

Трэба выходзіць за 20 хвілін да лекцыі, ты ўжо губляеш шмат часу. Заходзіш у клуб — там вялікая зала, сядзіць некалькі атрадаў. Спачатку табе наспех зачытваюць рэферат — спартыўны лад жыцця, выбудова добрых адносін у сям’і, адміністратыўнае і крымінальнае права Беларусі.

Фактычна гэта школьны даклад: «Здаровы лад жыцця вельмі важны ў жыцці кожнага з нас. Толькі здаровы чалавек можа сапраўды быць шчаслівым. Практыкаванні дапамогуць вам гэтага дамагчыся». Потым ставяць нейкі ролік, які яны выпадкова знайшлі на ютубе.

Калі глядзіш спіс тых тэм, такое адчуванне, што мы мусім выйсці адтуль ідэальнымі грамадзянамі. 

У выніку ты на адну толькі лекцыю губляеш гадзіны паўтары. З такіх дробязяў і складаецца твой дзень. Усё гэта — забраны час, калі можна было адпачыць, прывесці сябе ў парадак, пачытаць, напісаць лісты дадому, нешта з'есці або папіць гарбаты.

«Калі хочаш распісацца, то разам з роспісам табе давалі 10 сутак ШІЗА»

У калоніі вечныя рэжымныя мерапрыемствы — хадзіць на званкі, на атаварку, гэта забірае шмат часу. А яшчэ ёсць рэгулярныя праверкі і візіты розных дэлегацый, калі цябе без папярэджання абмяжоўваюць у магчымасці перасоўвацца і рабіць тое, што ты хацеў.

Плюс на гэта накладваюцца грамадскія працы, калі кажуць капаць глебу, насіць пясок у мяхах альбо разбіваць каменне, што было там самым дурным заняткам. Маўляў, трэба 10 чалавек ад атрада на гадзіну-паўтары. У першую чаргу на такія працы, вядома, забіралі палітычных.

Падыходзіш да той каменаломні і спрабуеш вялізнымі і цяжкімі молатамі, зваранымі з кавалкаў жалезных труб, разбіваць каменне. Ніякага практычнага сэнсу ў гэтым няма, той жвір у выніку нікому не патрэбны. Гэта трэба, проста каб выматаць зэка.

Там кожны дзень нешта прыдумляецца, бо адміністрацыя спрабуе сябе праявіць, паказаць кіраўніцтву, што яна нешта робіць. Агульны кірунак у іх такі — зэк павінен пакутаваць, зэк павінен быць увесь час чымсьці заняты, інакш ён, вядома, пачне займацца нейкай фігнёй.

Фота: «Вясна»

Таму ты проста нон-стоп страшэнна выматаны, са стрэсам і недасыпам, з няякасным харчаваннем, якое табе самому даводзіцца кампенсаваць, бо ў рацыёне няма нічога малочнага, няма ніякай свежай садавіны і гародніны.

Напэўна, за мае два гады ў шклоўскай калоніі нам адзін раз далі ў сталоўцы свежы агурок.

На атаварцы ў палітычных было абмежаванне — выдаткоўваць не больш за дзве базавыя, 84 рублі. І мы, дарослыя выматаныя мужыкі, мусілі на тыя 84 рублі нешта прыдумляць.

Яшчэ былі перадачы ад нашых сваякоў — мне можна было атрымліваць перадачу кожныя чатыры месяцы.

Гэта заўжды быў квест па выжыванні. Магчыма, лепш набыць тварог, каб атрымаць трохі кальцыю? Або нешта вітамінамі кампенсаваць, калі на атаварцы ўвогуле будзе садавіна? Як расцягнуць атрыманае з перадачы на пару месяцаў?

На нас уздзейнічала тое, што ты не ведаеш, чаго табе чакаць, ці дакінуць табе новы тэрмін. Жывеш увесь час у гэтым стрэсе: калі ты выйдзеш, як ты выйдзеш? Усе палітычныя разумелі, што нармальна жыць нам не дадуць.

Мне часам сорамна казаць пра тое, праз што я прайшоў, бо як гэта выглядае ў параўнанні з іншымі гісторыямі хлапцоў? Але гэты комплекс ёсць шмат у каго з палітычных, заўжды ёсць той, хто пакутаваў больш за цябе. У людзей распадаліся сем’і, сваякі паміралі на волі, а іх не пускалі з імі развітацца. Але кожны перажыў сваё пекла, проста формы былі розныя.

Былі абмежаванні, калі з табой могуць перапісвацца толькі афіцыйныя сваякі: калі ў цябе грамадзянская жонка, або ты з ёй распісваешся, або ніяк. А калі хочаш распісацца, то разам з роспісам табе давалі 10 сутак ШІЗА, то-бок гэта такі кошт, які ты мусіш заплаціць.

Цяпер, праз месяц на волі, ёсць страх, што ты зараз прачнешся і апынешся там, у калоніі. Калі я быў у калоніі першы месяц, быў такі момант, што мне падалося раніцай — маўляў, усё акей, зараз прачнуся і буду дома, у сваім ложку. А потым гучыць гук пад’ёму і ў мяне ўсё ўнутры абрываецца.

Яўген у Вільні пасля вызвалення. Фота: архіў суразмоўцы

Гэтыя дні на волі былі вельмі насычаныя, і ў мяне не было нават дастаткова часу, каб пабыць сам-насам і атрымаць асалоду ад гэтай свабоды. Хаця ніхто не адмяняў свабоду перасоўвання, магчымасць паспаць на ложку і трохі паесці нармальнай ежы — супер. Уражанняў шмат, і таму ў мяне пакуль кепскі сон, нібыта ўнутры ўключаны маленькі атамны рэактар. Я ўключаны ў шматлікія працэсы — спрабую вырашыць розныя пытанні, зразумець сваё месца ды прыкінуць будучыню, а яшчэ даць рады з унутраным апакаліпсісам.

Але гэта ўсё роўна нашмат лепш, чым калонія.

Мо, галоўнае, што я для сябе зразумеў за гэты час — я нашмат мацнейшы, чым нават мог сабе ўявіць. Таму цяпер усё будзе добра.

Чытайце таксама:

Афнагель расказаў пра вялікі здабытак 2020-га, заўважны па супрацоўніках Унутраных войскаў, якія ахоўвалі калоніі

Дзмітрый «Шэры кот» Казлоў — пра тое, як стаў палітычным блогерам і за гэта аказаўся за кратамі. А цяпер будуе новае жыццё ў выгнанні

Палітвязень расказаў, што цяпер з Фядутам і Паротнікавым у калоніі

Каментары да артыкула