БЕЛ Ł РУС

«Калі Ізраіль сыдзе, будзе надзвычай небяспечна». Трамп запатрабаваў ад ХАМАС хуткі адказ наконт мірнага плана

2.10.2025 / 10:37

Nashaniva.com

Амерыканскі прэзідэнт паставіў ультыматум — у баевікоў ёсць «тры-чатыры дні» на адказ.

Фота: Win McNamee/Getty Images

Групоўка ХАМАС павінна ў найбліжэйшыя дні вырашыць, ці згодна яна на план Дональда Трампа і Біньяміна Нетаньяху па вызваленні закладнікаў і спыненні вайны ў Газе.

Амерыканскі прэзідэнт паставіў ультыматум — у баевікоў ёсць «тры-чатыры дні» на адказ. Калі ўгода сарвецца, ізраільская армія працягне наступ, піша Bild.

У Ізраілі не выключаюць, што ХАМАС фармальна згадзіцца, каб паказаць гатоўнасць да кампрамісу перад Катарам і Турцыяй, якія падтрымалі ініцыятыву.

«Але пытанне ў тым, што адбудзецца далей. Пакуль ніхто ў Ізраілі не можа сабе ўявіць, што ХАМАС сапраўды гатовы вызваліць усіх закладнікаў у вызначаныя тэрміны. Што тады ў іх застанецца?» — сказала Bild крыніца ў Ізраілі.

У руках баевікоў застаюцца 48 закладнікаў, з іх прынамсі каля 20, паводле даных уладаў, яшчэ жывыя.

Сітуацыю ўскладняе тое, што сама групоўка фактычна абезгалоўленая: лідар Ях'я Сінвар забіты, а ўнутры Газы незразумела, хто прымае рашэнні. Нават калі палітычнае бюро ў Досе згадзіцца, невядома, ці мае яно ўплыў на баевікоў у самым сектары.

«Хто раззброіць ХАМАС? Што будзе з баевікамі? Куды яны пойдуць? Турцыя — адзіны рэальны кандыдат, здольны прыняць тысячы баевікоў. Але я скептычна стаўлюся да гатоўнасці Эрдагана пайсці на гэта. Калі Ізраіль сыдзе, вакуум будзе надзвычай небяспечным. Мы ведаем гэта па Сірыі, Лівіі, Іраку», — адзначыў у размове з Bild эксперт па Блізкім Усходзе Пітэр Нойман.

Сам Трамп, лічыць аналітык, дзейнічае смела, але імпульсіўна.

«Ён хоча паказаць вынік да гадавіны атакі 7 кастрычніка. Калі поспеху не будзе — ён страціць цікавасць», — падсумаваў Нойман.

Чытайце таксама:

Трамп прыдумаў план міру для Газы. Яго падтрымалі амаль усе

Ізраіль спыніў судны флатыліі Грэты Тунберг, сама Грэта затрыманая

Нетаньяху выступаў у ААН з к'юар-кодам на пінжаку ФОТАФАКТ

Нетаньяху перадаваў сваю прамову ў Газу з дапамогай гучнагаварыцеляў — каб яе пачулі закладнікі

Каментары да артыкула