БЕЛ Ł РУС

Як так выйшла, што магілёўскі маньяк-ліфцёр, які забіў восем дзяўчат, спыніўся пасля 1999 года?

2.10.2025 / 13:10

Nashaniva.com

Следчыя раскрылі адну з самых крывавых гісторый сучаснай Беларусі. З 1996 па 1999 год у Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай абласцях адбылася серыя забойстваў і згвалтаванняў дзяўчат і маладых жанчын ва ўзросце ад 12 да 20 гадоў. Але пасля 1999 года маньяк спыніўся. МУС дало версію, чаму так адбылося. 

У 1999 годзе падазраваны трапляў у поле зроку праваахоўных органаў і праз гэта спалохаўся, распавёў начальнік Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС Аляксандр Капішаў.

«Пасля службы ў войску ён быў працаўладкаваны на адным з прадпрыемстваў Магілёва. Дадзеная праца давала яму магчымасць перасоўвацца ў зручны час на чыгуначным транспарце.

У 1999 годзе гэты мужчына трапляў у поле зроку праваахоўных органаў і праз гэта спалохаўся. Гэты чалавек па натуры баязлівец.

У далейшым ён жыў у сваім прыватным доме, працаваў на прадпрыемстве, дзе ў яго не было ніякіх канфліктаў. Ён вёў адасоблены лад жыцця, імкнучыся не трапляць ніякім чынам у поле зроку праваахоўных органаў. Сям'і ў яго ніколі не было», — распавёў Капішаў.

Ён таксама дадаў, што гарады, у якіх адбыліся напады, размяшчаліся на скрыжаванні некалькіх чыгуначных пуцей і напрамкаў: «Магілёў — Орша — Віцебск» і «Орша — Мінск». Гэта дало падставы для адной з версій: злачынствы маглі здзяйсняцца працаўніком чыгункі. Але дакладна прадпрыемства, дзе працаваў затрыманы 53‑гадовы магілёвец, не называецца.

Яго ахвяры былі жорстка забітымі і згвалтаванымі ў пад’ездах, ліфтах, на лесвічных пляцоўках і дахах шматпавярховікаў.

Усяго даказана восем забойстваў, два замахі на забойства, згвалтаванні. Злачынцу шукалі 30 гадоў.

Судовая сэксалога-псіхолага-псіхіятрычная экспертыза паказала наяўнасць у мужчыны псіхічнага разладу. У той жа час эксперты прыйшлі да высновы, што чалавек быў пры свядомасці ў момант злачынстваў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула