У Магілёве злавілі маньяка-ліфцёра, які ў 1990‑я згвалтаваў і забіў восем дзяўчат
Адна з самых жудасных спраў у гісторыі краіны атрымала завяршэнне. Раскрыта восем забойстваў дзяўчат ва ўзросце ад 12 да 20 гадоў у Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай абласцях.

Следчыя раскрылі адну з самых крывавых гісторый сучаснай Беларусі. У перыяд з 1996 па 1999 год у Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай абласцях была здзейснены серыя забойстваў і сэксуальных злачынстваў у дачыненні да дзяўчат і маладых жанчын ва ўзросце ад 12 да 20 гадоў.
Ахвяры былі жорстка забітымі ў пад’ездах, ліфтах, на лесвічных пляцоўках і дахах шматпавярховікаў.
Усяго даказана восем забойстваў, два замахі на забойства, згвалтаванні. Злачынцу шукалі 30 гадоў.
Яго ўдалося знайсці дзякуючы амаль татальнай праверцы — праверылі звыш 100 тысяч мужчын, якія па ўзросце і прыкметах маглі мець дачыненне да спраў.
У выніку быў выяўлены і затрыманы 53‑гадовы жыхар Магілёва. Яго затрымалі ў цэнтры горада пры ўдзеле спецпадраздзялення «Алмаз».
Ён даў прызнальныя паказанні, якія пацвердзіліся экспертызамі і іншымі следчымі дзеяннямі.
«Пасля службы ў войску ён быў працаўладкаваны на адным з прадпрыемстваў Магілёва. Дадзеная праца давала яму магчымасць перасоўвацца ў зручны час на чыгуначным транспарце. У 1999 годзе гэты мужчына трапляў у поле зроку праваахоўных органаў і праз гэта спалохаўся. Гэты чалавек па натуры баязлівец. Ён расказаў, што скончыў забіваць, калі спалохаўся, што яго могуць заўважыць, пачуць. У далейшым ён жыў у сваім прыватным доме, працаваў на прадпрыемстве, дзе ў яго не было ніякіх канфліктаў. Ён вёў адасоблены лад жыцця, імкнучыся не трапляць ніякім чынам у поле зроку праваахоўных органаў. Сям'і ў яго ніколі не было»,
— распавёў пра падазраванага начальнік Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС Аляксандр Капішаў.
На допытах мужчына казаў, што не забіваў бы, «калі б яны не крычалі». Расказаў, што ахвяраў не выбіраў, забіваў тых, хто трапляўся.


У заключэнні стацыянарнай комплекснай судовай экспертызы, гаворыцца, што мужчына гвалтаваў трупы: «Дык якая розніца? Яна яшчэ цёпленькая, толькі не супраціўляецца. Што дабру прападаць ужо?» — казаў ён.
На следчым эксперыменце яго спыталі, навошта біў труп адвёрткай. «У мяне была адвёртка. Я думаў, праб'е яна скуру ці не праб'е. Яна не прабіла», — адказаў ён.
Следства просіць звяртацца да іх тых, хто мае дадатковую інфармацыю пра злачынную дзейнасць падазраванага.

Каментары