Каля польскага Шчэціна расійскі катар затрымаўся побач з газаправодам
Раніцай 1 кастрычніка ў акваторыі каля Шчэціна адбыўся інцыдэнт з удзелам расійскага катара. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, судна каля 6:30 наблізілася да газаправода і на працягу 20 хвілін знаходзілася ў яго непасрэднай блізкасці — у радыусе прыблізна 300 метраў, паведамляе RMF24.
Порт Шчэціна. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Wikimedia Commons
На сітуацыю звярнула ўвагу памежная служба з дапамогай сістэм назірання. Памежнікі выйшлі на радыёсувязь з экіпажам катара і загадалі неадкладна пакінуць зону. Загады былі выкананыя, і інцыдэнт завяршыўся бяспечна. Як падкрэсліла прадстаўніца МУС Карына Гаўлецка, тэрыторыя вакол стратэгічнага аб’екта застаецца пад пастаянным кантролем службаў.
Міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш адзначыў, што ў падобных выпадках неабходна дзейнічаць рашуча, але ўзважана. Ён таксама нагадаў пра неабходнасць маніторынгу так званага «ценявога флоту» — суднаў, якія афармляюцца на сумнеўныя кампаніі, не маюць страхоўкі і выкарыстоўваюцца, у тым ліку Расіяй, для абыходу санкцый.
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, выступаючы ў Капенгагене на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці, заявіў, што інцыдэнты на Балтыйскім моры і ў рэгіёне адбываюцца амаль штодня. Ён падкрэсліў, што «гэта не проста правакацыі, а новая форма вайны», якая патрабуе ад Еўропы яснага разумення і адпаведных дзеянняў.
Чытайце таксама:
Кожны шосты нафтавы танкер у свеце належыць да расійскага «ценявога флоту»
Зяленскі прыгразіў ударамі па порце на Балтыцы, дзе запраўляюцца нафтавыя танкеры Расіі
Нарвежская афера Крамля: як ценявы флот Расіі атрымліваў фальшывыя страхоўкі