БЕЛ Ł РУС

Беларускі біскуп запрасіў Папу наведаць Беларусь

2.10.2025 / 20:30

Nashaniva.com

Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках паведаміў пра кароткую сустрэчу з Папам Львом XIV 1 кастрычніка падчас Генеральнай аўдыенцыі на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, піша Katolik.life.

Папа Леў XIV і біскуп Андрэй Зноска падчас аўдыенцыі ў Ватыкане. Скрыншот з відэа

Падчас аўдыенцыі біскупы, якія бралі ў ёй удзел, па чарзе падыходзілі да пантыфіка, каб павіншаваць яго і абмеркаваць важныя пытанні.

Размова Зноскі з Папам доўжылася ўсяго каля 15 секунд, за якія ён паспеў сказаць:

«Наша Царква марыць і моліцца, каб ваш візіт у нашу краіну стаў магчымым. Мы ўсе стомленыя вайной паміж нашымі суседзямі, а ваш прыезд у Беларусь будзе знакам міру і надзеі».

Біскуп падкрэсліў, што візіт пантыфіка мог бы стаць знакам адзінства, духоўнай падтрымкі і надзеі для беларускага народа, асабліва ва ўмовах сучасных геапалітычных і сацыяльных выклікаў.

У той жа час біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які таксама паехаў у Рым з паломнікамі са сваёй дыяцэзіі, на аўдыенцыю з Папам не трапіў, бо знаходзіўся разам са сваёй групай вернікаў, а не сярод біскупаў, якія падыходзілі да пантыфіка.

Чытайце таксама:

Нунцыю і віцебскаму біскупу не дазволілі сустрэцца са зняволенымі каталіцкімі святарамі

Афіцыйныя каталіцкія СМІ выразалі антываенную фразу ў гаміліі біскупа

У каталіцкую духоўную семінарыю ў Гродне сёлета паступіла рэкордная колькасць хлопцаў. Чвэрць — з усходніх абласцей

Каментары да артыкула