Цемнаскуры студэнт у Мінску паскардзіўся Лукашэнку на дарагую кока-колу. Ужо выбачаўся, але міліцыя ім зацікавілася
«У мяне цяпер праблемы ў Беларусі, і гэта зусім не жарт. Калі мяне не будзе ў інтэрнэце праз два-тры-чатыры дні, калі ласка: Black Lives Matter».
Натан Тэлофат. Фота з яго інстаграма
Афрыканец Натан Тэлофат жыве ў Мінску і вядзе тыкток пад нікам Кінг Няміга. Пра сябе расказвае няшмат: кажа, што вучыцца ў Беларусі. Летась ён быў адным з вядучых на АНТ. У тэлевізійным шоу «Белыя Росы» разам з іншымі замежнікамі вандраваў па краіне.
Звычайна Натан выкладае ў тыкток нейкія банальныя ролікі пад трэндавыя гукі. Але ж нядаўна вырашыў паспрабаваць сябе ў іншым жанры — запісаў паўжартаўлівае відэа, у якім скардзіцца на кошт «Кока-колы» ў Беларусі.
— Як гэта магчыма: «Кока-кола» 2 літры каштуе 5 рублёў 21 капейку. Я прыехаў у Беларусь у снежні 2021 года. «Кока-кола» была 2 рублі. Я ў шоку. Я ведаю, што інфляцыя ёсць зараз у свеце, але гэта проста жудасна.
Па словах хлопца, напой ён набыў у краме «Суседзі».
Натан звяртаўся да беларускіх міністраў і Лукашэнкі і прасіў дапамагчы.
Шчыра кажучы, кошт «Кока-колы» — не самая вялікая праблема ў Беларусі, але чамусьці ролік стаў вірусным. За пяць дзён ён набраў каля 400 тысяч праглядаў і больш за 17 тысяч лайкаў. А ў каментарыях людзі пачалі актыўна абурацца тым, як растуць цэны ў краіне літаральна на ўсё.
Адзначыўся ў каментарыях і афіцыйны акаўнт «Бела-колы»: «Мы ні на што не намякаем, але…».
Праз некалькі дзён Натан выклаў ролік, каб папрасіць прабачэння ў тых беларусаў, якія палічылі сябе пакрыўджанымі.
Хлопец некалькі разоў падкрэслівае, што не кажа пра палітыку і просіць не асацыяваць яго з палітыкай.
— Мне ўсё роўна. Гэта не мая краіна, гэта не мая справа. Я проста спытаў, як такое магчыма.
Ён расказаў, што быццам шмат людзей напісалі яму і ў інстаграме, і ў тэлеграме. Але ў каментарыях яго збольшага падтрымалі (як і ў мінулы раз). Людзі пішуць, што яму няма за што прасіць прабачэння.
Заканчвае Натан відэа прызнаннем у любові да Беларусі і прапановай піць ваду, калі «Кока-кола» дарагая.
У хуткім часе з’явіўся яшчэ адзін ролік. У ім замежнік, хоць і пасміхаецца, расказвае, што яму ўжо патэлефанавалі з міліцыі, каб пагаварыць пра тое рэзананснае відэа.
— Я не ведаю, як тут гэта ўсё працуе. У мяне цяпер праблемы ў Беларусі, і гэта зусім не жарт. Калі мяне не будзе ў інтэрнэце два-тры-чатыры дні, калі ласка: Black Lives Matter. Я баюся, гэта не мая краіна.
Чытайце таксама:
Дзяўчына паказала, як знаёміць з Беларуссю хлопца з Ізраіля — гэтыя смешныя відэа абляцелі інтэрнэт