Нетрадыцыйныя партыі здабываюць усё большую сілу ў Еўропе, у Чэхіі такія на кожны густ
На выбарах у Чэхіі большасць набралі папулісты, але для фарміравання ўрада ім давядзецца сабраць вельмі стракаты пазл.
Новым прэм'ер-міністрам Чэхіі можа зноў стаць мільярдэр Андрэй Бабіш. Фота AP Photo/Petr David Josek
У Чэхіі на парламенцкіх выбарах, якія адбываліся два дні — 3 і 4 кастрычніка, лідзіруе партыя былога прэм’ер-міністра, каларытнага мільярдэра Андрэя Бабіша ANO, якая атрымала 35% галасоў. Гэта папулісцкая партыя, ідэалагічны спектр якой цяжка акрэсліць. Бабіш ужо кіраваў краінай, таму нечаканасцяў ад яго не чакаюць, але Роберт Фіца і Віктар Орбан атрымалі ў сваю пераменліва дружную кампанію трэцяга.
Правацэнтрысцкая кааліцыя мэйнстрымавых кансерватараў, правалібералаў і хрысціянскіх дэмакратаў «Сполу» («Разам») здабыла 23%.
Далей ідуць меншыя партыі, якія цяжка назваць традыцыйнымі.
На трэцім месцы — ліберальная партыя новага тыпу STAN («Старасты (г.зн. мэры) гарадоў і незалежныя») — 11,2%.
На чацвёртым — Партыя піратаў — 8,9% галасоў — гэта ліберальная і прагрэсіўная партыя, за якую масава галасуе моладзь і жыхары Прагі.
«Сполу», STAN і Партыя піратаў разам сабралі больш за 43% галасоў — тры гэтыя партыі і кааліцыі цвёрда падтрымліваюць Украіну і ў іх будзе 92 месцы з 200 у Палаце дэпутатаў.
Ультраправая — некаторыя яе лічаць неафашысцкай — партыя «Свабода і прамая дэмакратыя» (SPD) атрымала 7,8%, і гэта яе найгоршы вынік за апошнія 10 гадоў.
Камуністы, традыцыйна прарасійскія, ізноў у парламент не прайшлі, хоць гэтым разам ішлі яны ў кааліцыі з сацыял-дэмакратамі. Звыклая сацыял-дэмакратыя — у вострым крызісе не толькі ў Германіі, Францыі і Польшчы, гэта агульнаеўрапейскі трэнд.
Затое ўпершыню ў парламент прайшла партыя «Матарысты сабе» («Аўтамабілісты сабе») — 6,7%. Гэта палітычная сіла, якая першасна стваралася для адстойвання інтарэсаў аўтааматараў. То партыя антывеласіпедная, антыэкалагічная, антызялёная, антыпрагрэсіўная, антыліберальная і антыеўрапейская.
Вынікі выбараў 2025 года ў Чэхіі. Інфаграфіка Seznam.cz
І тут маем яшчэ адну праяву новай тэндэнцыі, калі нетрадыцыйныя партыі здабываюць усё большую сілу ў Еўропе. Гэтыя партыі адстойваюць нейкія новыя інтарэсы, часта вузкагрупавыя і вузкарэгіянальныя або тупа пратэставыя. Але фрагментацыя палітычнага спектра прыводзіць да таго, што менавіта яны могуць стаць вырашальнымі ўдзельнікамі новых урадавых кааліцый.
Нягледзячы на даволі пераканаўчую перамогу — ANO палепшыла свой вынік з мінулых выбараў на 7,4%, Андрэю Бабішу будзе няспроста скласці пазл большасці. Прэзідэнт Чэхіі, былы натаўскі генерал Пётр Павел, ужо заявіў, што фармаванне ўрадавай кааліцыі можа быць складаным і што ён накладзе вета на ўваходжанне ва ўрад любой, як ён выказаўся, «экстрэмісцка антыеўрапейскай палітычнай сілы».