БЕЛ Ł РУС

«Турма многіх робіць лепшымі. Ніхто не дакажа мне адваротнае». Палітвязень Гунь адказаў Паўлючэнку

6.10.2025 / 15:10

Nashaniva.com

«Калі мы гаворым пра тое, ці робіць турма чалавека лепшым, мы гаворым не пра зубы, не пра печань і не пра маршчыны. Мы гаворым пра Асобу — пра тое, кім чалавек застаецца, калі ў яго адбіраюць усё знешняе».

«Турма нікога не робіць лепшым, толькі горшым», — так Юлія Міцкевіч, намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, пракаментавала скандал вакол паводзін Сяргея Ціханоўскага ў Нью-Ёрку. Многіх, у тым ліку былых палітвязняў, гэтае выказванне абразіла.

Але ў падтрымку Міцкевіч у новым выпуску ютуб-праекта «Саша, что ты несёшь?…» выказаўся галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка. Цяпер былы палітвязень Сяргей Гунь адказаў ім. 

«Турма шмат каго робіць лепшым.

Я ведаю гэта. І ніхто не дакажа мне адваротнае.

Таму што я асабіста ведаю многіх, хто гэта прайшоў і праходзіць цяпер.

І гэта — найлепшыя людзі.

Калі галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка публічна падмяняе сэнсы — «Турма што, робіць кагосьці прыгажэйшым, багацейшым, маладзейшым?» — ён свядома пераводзіць сур'ёзную размову ў плоскасць фізіялогіі.

Гэта прыём, знаёмы любой прапагандзе: вырваць маральную катэгорыю, замяніць яе бытавой, а потым высмеяць падменены сэнс. Так банальнасць «пакута нікога не ўпрыгожвае» ператвараецца ў аргумент супраць самога паняцця духоўнай стойкасці.

Але калі мы гаворым пра тое, ці робіць турма чалавека лепшым, мы гаворым не пра зубы, не пра печань і не пра маршчыны. Мы гаворым пра Асобу — пра тое, кім чалавек застаецца, калі ў яго адбіраюць усё знешняе.

Турма робіць чалавека лепшым — калі ён захаваў у сабе чалавека.

Яна не дадае здароўя, але дадае глыбіні. Не робіць багацейшым, але робіць больш сумленным. Не робіць маладзейшым, але робіць мудрэйшым. Яна не ўпрыгожвае, але ачышчае.

У турме знікаюць усе маскі. Там няма гледачоў, лайкаў, апладысментаў — ёсць толькі ты і тваё сумленне. І калі яно не маўчыць, калі чалавек застаецца верным сабе — ён становіцца лепшым, а не горшым», — піша Гунь.

На думку былога палітвязня, калі нехта сцвярджае, што «турма робіць горшым», ён гаворыць не пра цела, а — хай і неўсвядомлена — пра мараль. Значыць, той, хто прайшоў праз зняволенне, стаў «горшым як чалавек».

«А гэта ўжо спроба пазбавіць палітвязняў годнасці: «яны азлобіліся, зламаліся, страцілі чалавечнасць». Так рэпрэсію ператвараюць не ў злачынства ўлады, а ў «натуральны вынік чалавечай слабасці». Гэта і ёсць нармалізацыя зла», — мяркуе ён.

Гунь лічыць, што Юлія Міцкевіч, якая сказала тую самую фразу, а затым патлумачыла яе «няправільным кантэкстам» і «цкаваннем», таксама перавяла размову з этычнага поля ў асабістае: «мяне атакуюць».

«Але ніхто яе не цкаваў — людзі проста не маглі маўчаць, калі пачулі, што іх досвед абясцэнілі», — піша Гунь.

А ўсіх, хто не пагадзіўся з Міцкевіч, «аўтаматычна запісалі ў «выкарыстаных чужымі інтарэсамі».

«Атрымалася, што палітвязні — не суб'екты, а «інструменты» ў чужых руках.

Гэта другая форма прыніжэння: спачатку пазбавіць сэнсу іх пакуту, а потым — права на ўласную эмоцыю», — дадае Сяргей Гунь.

«Нас — палітвязняў — хочуць паказаць не як маральных аўтарытэтаў, а як «траўмаваных і нестабільных людзей», якім трэба спачуваць, але якіх не варта слухаць», — мяркуе ён.

«Палітвязні — не рэсурс. Мы — сумленне. Мы хочам не працэсу, а перамен. Мы прайшлі пекла не дзеля грантаў, а дзеля сэнсу. І менавіта таму нас баяцца: таму што ў нас няма страху і няма цаны.

Сёння ідзе барацьба не за ўладу, а за інтэрпрэтацыю. Калі грамадства паверыць, што палітвязні — «траўмаваныя», нас можна будзе ізаляваць маральна, нават на волі.

Калі ж грамадства ўбачыць, што мы — моцныя, сумленныя, светлыя, уся фальшывая дэкарацыя абрынецца. Вось чаму нас імкнуцца абясцэніць, змякчыць, сцерці рэзкасць, «пераасэнсаваць».

Але праўда простая: турма не робіць чалавека горшым.

Яна робіць бачным, хто ён ёсць. Калі ў ім было сумленне — яно стане гучнейшым. Калі была сіла — яна стане глыбейшай.

Таму калі нехта з усмешкай пытаецца: «Турма што, робіць кагосьці лепшым?» — я адказваю: Так. Робіць. Таму што чалавек, які прайшоў праз пекла і застаўся чалавекам, — заўсёды лепшы за таго, хто стаяў убаку і судзіў», — піша Сяргей Гунь.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула