БЕЛ Ł РУС

Пасля рэпрэсій супраць рэдактараў беларускія раздзелы Вікіпедыі б'юць антырэкорды

7.10.2025 / 15:53

Nashaniva.com

Пасля затрыманняў і ціску на беларускіх вікіпедыстаў абодва беларускамоўныя раздзелы Вікіпедыі фіксуюць рэкордна нізкія тэмпы росту.

Футболка з вікі-прынтом. Фота: Wikimedia Commons

Статыстыкай падзяліўся адміністратар беларускай Вікіпедыі Уладзіслаў Чаховіч.

Антырэкорд у беларускай Вікіпедыі быў зафіксаваны  ў ліпені — за месяц быў створаны толькі 361 новы артыкул. У верасні паказчык крыху падрос да 569, але гэта ўсё адно істотна ніжэй за раней звыклыя 900—1100 артыкулаў на месяц. Адміністратар адзначае, што стабільнасць скончылася ў маі — адразу пасля пачатку пераследу вікіпедыстаў.

Колькасць артыкулаў, створаных у Беларускай Вікіпедыі за месяц. Фота: фэйсбук Уладзіслава Чаховіча 

«Думаю, не столькі фізічнае закрыццё рэдактараў паўплывала, як неразуменне тымі, хто знаходзіцца ў Беларусі, прэтэнзій да вікі і правіл гульні (іх і няма). Лепш быць асцярожным, чым прадуктыўным», — адзначае ён.

Яшчэ больш адчувальны спад актыўнасці ў раздзеле Вікіпедыі «тарашкевіцай»: у верасні раздзел не ўзяў нават псіхалагічную планку ў сто артыкулаў — створана ўсяго 99. Гэта найгоршы паказчык з 2016 года.

Колькасць правак, зробленых рэдактарамі Беларускай Вікіпедыі за месяц. Фота: фэйсбук Уладзіслава Чаховіча 

Увесну адбыліся затрыманні прынамсі трох адміністратараў беларускамоўных раздзелаў Вікіпедыі па крымінальных справах. Затрыманні суправаджаліся прапагандысцкімі матэрыяламі, у якіх энцыклапедыю называлі «зброяй масавага паражэння», а беларускія раздзелы — «кіраванымі з-за мяжы». 

Вікі-супольнасць не была паралізаваная, але статыстыка красамоўная: страх і няпэўнасць нанеслі цяжкі ўдар па адной з галоўных крыніц ведаў, напісаных па-беларуску.

Чытайце таксама:

Прапагандысты разганяюць фэйк пра выдаленне артыкула пра Хатынь у Вікіпедыі

Адміністратарку беларускай Вікіпедыі кінулі на суткі

Затрымалі адміністратара беларускай Вікіпедыі Максіма Лепушэнку

Спецслужбы шукаюць фатографаў на мітынг Ціханоўскіх праз скрадзены акаўнт арыштаванай рэдактаркі Вікіпедыі

Адміністратар беларускай Вікіпедыі Максім Лепушэнка выйшаў з СІЗА, атрымаўшы хатнюю хімію

Каментары да артыкула