БЕЛ Ł РУС

Польскія фермеры звяртаюцца з заклікам да людзей прыходзіць і забіраць іх ураджай задарма

7.10.2025 / 18:40

Nashaniva.com

У Польшчы многія фермеры зараз сутыкаюцца з сур’ёзнымі праблемамі з продажам ураджаю. Спачатку гэта тычылаcя сліў, потым перцу, а цяпер — памідораў. Фермеры заклікаюць людзей прыходзіць на свае палі і сады, каб збіраць сабе прадукты задарма або па прынцыпе «колькі дасі». Інакш ураджай проста загіне на палях і ў садах, піша Onet.pl.

Фота: parafiawdubie.pl

Напрыклад, адзін з фермераў з-пад Тшэбніцы ў Ніжнесілезскім ваяводстве сабраў 11 тон сліў, але пакупнік ад іх урэшце адмовіўся. Тады ён прапанаваў усім ахвотным узяць слівы задарма. Інфармацыя хутка распаўсюдзілася ў сацсетках, людзі прыйшлі дапамагчы і нават пакідалі плацяжы па прынцыпе «колькі дасі», што дазволіла фермеру прынамсі не спрацаваць у мінус.

Пад Замосцем у Люблінскім ваяводстве на 30 гектарах памідораў, якія вырошчвала сямейная пара, таксама мусілі аб'явіць масавы збор. З-за халоднага лета ўраджай саспеў пазней і частка памідораў яшчэ заставалася ў полі. Фермеры не маглі хутка прадаць прадукцыю, бо перапрацоўчыя прадпрыемствы забіраюць толькі па адной машыне ў дзень, а збор памідораў патрабуе выдаткаў на рабочых. У выніку памідоры з задавальненнем збіралі ўсе ахвотныя і плацілі гаспадарам «па жаданні».

Аналагічныя сітуацыі адбываліся і з чырвоным перцам у іншых рэгіёнах. Людзі ехалі сотні кіламетраў, каб дапамагчы сабраць ураджай, і пры гэтым атрымлівалі прадукцыю танней, чым у краме. Фермеры адзначаюць, што гэтыя акцыі падтрымкі даюць ім стымул не пакідаць сваю працу.

Падобныя сітуацыі ў Польшчы ўжо адбываліся раней. Напрыклад, год таму фермер з Вялікапольшчы заараў поле з выдатнымі радыскамі, бо не было куды іх прадаць, а яму трэба было хутка падрыхтаваць зямлю пад новую культуру. Сёлета падобных драм значна больш.

Некаторыя людзі лічаць, што праблемы ўзніклі з-за «занадта багатага ўраджаю», але фермеры кажуць, што летам было халаднавата, але ўраджай нават меншы, чым летась. Калі б сапраўды быў перабор прапановы, то цэны ў крамах рэзка ўпалі б, а яны працягваюць расці.

Галоўная прычына цяжкасцяў, як сцвярджаецца — несправядлівая сістэма: закупачныя цэны вельмі нізкія (напрыклад, 30—50 грошаў за кілаграм перцу), а ў крамах спажыўцы плацяць 10—12 злотых. Многія фермеры спрабуюць прадаваць прадукцыю самастойна, нават калі гэта патрабуе доўгіх паездак, але прыносіць прыбытак.

Акрамя таго, перапрацоўчыя прадпрыемствы не выконваюць абяцаныя аб’ёмы: калі летась можна было адпраўляць па некалькі машын памідораў у дзень, то сёлета забіраюць толькі адзін грузавік. Часта яны працуюць на паўсілы, бо закупілі паўфабрыкаты з Украіны ці Егіпта.

Таксама праблема ў тым, што рынак у Польшчы часта працуе на вусных дамоўленасцях, а выплаты фермерам паступаюць з вялікай затрымкай. Нават буйныя сеткі купляюць прадукцыю, затрымліваючы аплату на месяцы.

Чытайце таксама:

«За ноч мы страцілі ўсё». Трагедыя знішчыла 17 гадоў працы фермераў — згарэлі каровы з цялятамі

Польскі фермер расказаў, як набыў трактар Belarus, а цяпер пакутуе

«Каб быць з фізічным светам на ты». Журналіст Галко, перабраўшыся з Украіны ў Польшчу, пайшоў працаваць на стайню

Польскія фермеры разлілі свіны гной на мяжы з Беларуссю — каб спыніць мігрантаў-мусульман

Каментары да артыкула