БЕЛ Ł РУС

Былы кіраўнік МЗС Літвы раскрытыкаваў паніжэнне ўзроўню аховы Ціханоўскай

8.10.2025 / 10:33

Nashaniva.com

Былы міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс абурыўся «фундаментальным адступленнем Літвы ад уласных дэмакратычных прынцыпаў». Падставай стала рашэнне ўладаў Літвы змяніць статус Святланы Ціханоўскай як госці дзяржавы і зменшыць узровень яе аховы. Ландсбергіс лічыць, што, па сутнасці, лідарку беларускай апазіцыі вымушаюць пакінуць Літву.

Габрыэлюс Ландсбергіс. Фота: Радыё Свабода

Нядаўнія крокі Літвы супраць лідаркі беларускай апазіцыі Святланы Ціханоўскай, палітык лічыць сведчаннем радыкальных змен у кірунку Літвы.

«Гэтая саломінка можа зламаць хрыбет вярблюду, разбураючы тое, што Літва адстойвала з моманту аднаўлення незалежнасці».

Ён падкрэслівае, што гаворка ідзе не толькі пра лёс асобнага палітыка, а пра «фундаментальнае падрыванне нашых дасягненняў» і страты «цяжка заробленай рэпутацыі змагароў за свабоду».

Ціханоўская, на думку Ландсбергіса, — не проста экс-кандыдатка на пасаду прэзідэнта Беларусі, а «жывое ўвасабленне дэмакратыі», якая, нягледзячы на рэпрэсіі і выгнанне, «нястомна змагалася за годнасць беларускага народа».

«Святлана нястомна змагалася за годнасць беларускага народа, пераконваючы заходніх лідараў увесці санкцыі супраць карумпаванага рэжыму і прапаноўваючы рэальную альтэрнатыву, будучы палітычны выбар для беларускага народа. Яна была напамінам, што ніводная краіна не асуджана на кіраванне дыктатарам. Яна стаяла бастыёнам супраць жаданняў Захаду зняць санкцыі, пачаць прымірэнне і прапанаваць уціхамірванне дыктатарам. Я меў вялікі гонар дапамагаць ёй у яе барацьбе. На працягу пяці гадоў яна была жывым, дыхаючым сімвалам дэмакратыі, і больш за ўсё мяне натхняла яе дапамога ў пераўтварэнні Вільні ў сусветна вядомую сталіцу супраціву аўтарытарызму», — напісаў ён.

Ландсбергіс кажа, што каштоўнасная палітыка — не рытарычны штамп, а «палітыка інвеставання ў будучыню», асабліва важная для «малой краіны на мяжы цывілізацыйных разломаў».

Ён выказвае заклапочанасць, што, страціўшы Ціханоўскую як саюзніцу і сімвал, Літва губляе і магчымасць быць маральным аўтарытэтам на міжнароднай арэне. 

«Страціўшы яе, мая краіна губляе важнага партнёра ў барацьбе за дэмакратыю, губляе бачнасць у супрацьстаянні тыранам, губляе сілу голасу, неабходную для меншай краіны, каб абараніць свае нацыянальныя інтарэсы ў свеце, дзе кіруюць рэалісты», — піша ён.

Палітык кажа, што ён засмучаны тым, што Літва больш не можа лічыцца надзейным партнёрам для людзей, якія шукаюць прытулку ад тыраніі.

«Прычыны, якія стаяць за гэтым рашэннем, застаюцца незразумелымі, але відавочна, што галоўным бенефіцыярам з'яўляецца Лукашэнка — вымусіць Святлану сысці, спадзеючыся прымусіць яе замаўчаць, ставячы пад сумнеў яе легітымнасць, — гэта менавіта тое, пра што ён марыў доўгі час. Цяперашні літоўскі ўрад, асабліва яго больш радыкальныя элементы, заўсёды хацеў вярнуцца да звычайнага вядзення спраў з беларускім дыктатарам», — піша ён.

Палітык бачыць у гэтым не толькі палітычную, але і маральную катастрофу: «Страціўшы маральны грунт, голас Літвы будзе менш цаніцца і менш шанавацца ў свеце». У гэтым кантэксце згадваецца Венгрыя і Славакія як прыклады краін, што аддалі голас рэалізму на шкоду каштоўнасцям.

«Мне сумна, што мы руйнуем надзеі, якія самі ж нарадзілі. Я прашу прабачэння ва ўсіх тых, каму мы далі прытулак, але потым не змаглі абараніць», — піша Ландсбергіс.

Палітык піша, што «выкідваючы» Ціханоўскую, Літва робіць свет больш небяспечным для сябе:

«Свет не становіцца больш бяспечным, асабліва не для Літвы. Я паўтару — у свеце Пуціна і Лукашэнкі няма месца для Літвы, ці для любой малой краіны. Выкідваючы Святлану, Літва дапамагае стварыць гэты свет». 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула