Паводле даных крыніц LRT.lt, ахова С. Ціханоўскай і суправаджальныя выдаткі абыходзіліся дзяржаве прыкладна ў 1 мільён еўра ў год.

Літва змяншае ўзровень фізічнай аховы Святланы Ціханоўскай. Пра гэта парталу LRT.lt пацвердзіў міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс.
З моманту прыезду С. Ціханоўскай у Літву пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі краіна надала прадстаўніцтву беларускай дэмакратыі афіцыйны статус, а самой апазіцыянерцы забяспечыла кругласутачную фізічную ахову як у Літве, так і за яе межамі.
Ціханоўскай быў прысвоены статус афіцыйнага госця катэгорыі C — такі статус звычайна надаецца паслам замежных дзяржаў, кіраўнікам прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, акрэдытаваных у Літве, членам замежных урадаў, членам Еўрапейскай камісіі і іншым асобам аналагічнага ўзроўню. Аднак дыпламатычнага статусу і, адпаведна, імунітэту яна не мае.
Паводле даных крыніц LRT.lt, ахова С. Ціханоўскай і суправаджальныя выдаткі абыходзіліся дзяржаве прыкладна 1 мільён еўра ў год. У гэтую суму ўваходзіла кругласутачная фізічная ахова ў Літве і за мяжой, аўтамабілі для суправаджэння, утрыманне месца пражывання, а таксама карыстанне VIP-терміналамі ў аэрапортах.
Міністэрства замежных спраў у адказ на запыт дэпутата Сейма Рымаса Янкунаса афіцыйна адзначыла, што пытанні бяспекі С. Ціханоўскай не ўваходзяць у яго кампетэнцыю. Аднак міністэрства аплачвае паслугі VIP-залаў для афіцыйных гасцей. У 2024 годзе выдаткі на VIP-терміналы для С. Ціханоўскай склалі 129 тыс. еўра, у 2023 годзе — 92 тыс. еўра.
Паводле наяўнай інфармацыі, ахова С. Ціханоўскай цалкам не здымаецца, але ўзровень фізічнай абароны зніжаецца: гарантаванне яе бяспекі перадаецца ад Службы аховы кіраўніцтва дзяржавы (VAD) Бюро крымінальнай паліцыі, якое забяспечвае абарону не на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, а як асобы, якой можа пагражаць рэальная небяспека. Напрыклад, аналагічным чынам Бюро ахоўвае сведкаў і пацярпелых.
Хоць афіцыйных каментарыяў з гэтай нагоды няма, рашэнне пачалі рэалізоўваць з 1 кастрычніка, з пераходным перыядам да лістапада.
«Каб не падвяргаць небяспецы асобу, якая ахоўваецца, мы не можам публічна каментаваць гэтую тэму — ні пацвярджаць, ні абвяргаць інфармацыю пра ўзмацненне або аслабленне аховы. Прымяняльныя меры бяспекі з’яўляюцца сакрэтнай інфармацыяй», — заявіў першы намеснік дырэктара Службы аховы кіраўніцтва дзяржавы Паўлюс Неміра.
Да гэтага часу Святлану Ціханоўскую кругласутачна ахоўвалі супрацоўнікі гэтай службы, якая забяспечвае бяспеку ўсіх кіраўнікоў Літоўскай дзяржавы — прэзідэнта, старшыні Сейма і прэм’ер-міністра. Акрамя дзеючых службовых асоб, служба ахоўвае былых прэзідэнтаў, а таксама афіцыйных гасцей краіны.
У выпадку ўзнікнення пагрозы бяспецы Служба аховы кіраўніцтва таксама можа ахоўваць пару, партнёраў і дзяцей кіраўнікоў дзяржавы, генеральнага пракурора, дыпламатаў, дзейных і былых членаў Сейма, прэм’ераў, міністраў і іншых асоб. Рашэнне пра неабходнасць аховы іншых асоб звычайна прымае Урад або ўпаўнаважаны ім орган.
Каментары
Усё, картэжаў Ціханоўскай з некалькіх машын мы больш не пабачым?
А дзе будзе працаваць Святлана, калі халяўнае фінансаванне скончыцца? Можа пайсці настаўніцай ангельскай мовы. Але ж у Літве не возьмуць на працу без ведання дзяржаўнай літоўскай.
Гэтыя людзі ніколі не пагодзяцца на сыход Лукашэнкі - яны будуць “змагацца” да труны. Нашай і іхнай!