Цяпер ужо МЗС Расіі пагражае ЗША праз магчымую перадачу «Тамагаўкаў» Украіне
У расійскім Міністэрстве замежных спраў заявілі, што ЗША «павінны разумець цяжар наступстваў» перадачы Украіне дальнабойных ракет «Тамагаўк». Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка МЗС РФ Сяргей Рабкоў.
Як сказаў Рабкоў, Расія заклікае ЗША адказна падысці да магчымага рашэння аб перадачы Украіне крылатых ракет «Тамагаўк».
«Гіпатэтычнае прымяненне такіх сістэм магчыма толькі з прамым прыцягненнем амерыканскага персаналу. Я спадзяюся, глыбіню і цяжар наступстваў прынятага ў гэтай сітуацыі таго ці іншага рашэння добра ўсведамляюць тыя, хто падштурхоўвае Вашынгтон да такога рашэння», — адзначыў ён.
Намеснік расійскага міністра заклікаў Белы дом і Пентагон «цвяроза, разумна, адказна падысці да ўсёй гэтай сітуацыі».
Паводле СМІ, прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам рашэнне аб перадачы Кіеву ракет Tomahawk «у пэўнай ступені» ўжо прынята.
Раней Уладзімір Пуцін пагражаў, што пастаўка Кіеву «Тамагаўкаў» разбурыць адносіны з ЗША.