Галоўны мусульманін Беларусі падарыў мінскай гімназіі Каран. А там яго запісалі ў яўрэі
Былы дырэктар гімназіі №30, а цяпер галоўны муфцій Беларусі Абубекір Шабановіч падарыў школьнаму музею выданне Карана па-руску. Гімназія праілюстравала падзею іўдзейскай Торай.
«Жывая гісторыя. Знаёмцеся. Экспанат музея баявой і працоўнай славы ДУА «Гімназія №30 імя Героя Савецкага Саюза Б.С. Акрэсціна. Каран у рускім перакладзе!» — гаворыць афіцыйны акаўнт гімназіі.
Пасля энцыклапедычнай даведкі пра Каран, па ўсёй бачнасці, згенераванай штучным інтэлектам, прыводзіцца больш дэталяў.
«Каран прадстаўлены ў музеі ў рамках экспазіцыі «Дырэктар, імем тваім ганарыцца родная школа». Яго перадаў у дар музею Абу Бекір Шабановіч, які з’яўляўся дырэктарам школы №65 з 1984 па 1996 год. Сёння Абу Бекір — мусульманскі рэлігійны і культурны дзеяч Рэспублікі Беларусь, выкладчык, муфцій мусульман Беларусі, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне».
Допіс суправаджаюць чатыры ілюстрацыі. На першай — вокладка відавочна старой кнігі, назва якой нечытэльная.
Другое фота ўжо прапануе бліжэй зірнуць на твор. На пацёртых старонках тытульніка яўна бачна: «Сэфер Дварым» (кніга Другазаконне), завяршальны V том, Тора. Месца і год выдання — Вена, 1865.
Пяцікніжжа Торы — гэта першая частка Танаха, цэнтральнага рэлігійнага тэксту іўдаізму. Яна не мае дачынення да Карана і напісана на тысячы гадоў раней. Багаслоўскія спрэчкі ды ўзаемнае адмаўленне легітымнасці прарокаў і сёння ляжаць у падмурку палітыка-канфесійнага канфлікту паміж яўрэямі і мусульманамі.
Трэцяя ілюстрацыя ўжо дакладна пераконвае, што на фота дакладна не перакладзены на рускую Каран, а пісаная на іўрыце Тора.
На чацвёртым фота — сам Шабановіч з сапраўдным Каранам у руках.
Адкуль супрацоўнікі, адказныя за вядзенне інстаграма, узялі фота Торы і чаму, калі ўжо не разабраліся з тонкасцямі семіцкіх моваў, не звярнулі ўвагу на сам факт некірылічнага правапісу — невядома. Іранічнасці ляпу дадае факт, што гімназія №30 імя Акрэсціна мае гуманітарны профіль і спецыялізуецца на замежных мовах.
Гімназія кліча ахвотных паглядзець на незвычайны экспанат па папярэднім запісе.