БЕЛ Ł РУС

Еўрапейцы куплялі ў Кітаі ўсё, цяпер пачалі купляць і аўтамабілі. Прамысловасць Германіі абвалілася да ўзроўню 2005 года

9.10.2025 / 9:56

Nashaniva.com

Навіны з Германіі, эканамічнага лакаматыва ўсяго Еўрасаюза, выклікаюць усё большую трывогу. Апошнія даныя паказалі, што прамысловая вытворчасць краіны абвалілася да ўзроўню амаль 20‑гадовай даўніны. Чаму так адбылося, разбіралася Financial Times.

Фота: Matthias Balk / picture alliance via Getty Images

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у жніўні прамысловасць Германіі скарацілася на 4,3% у параўнанні з ліпенем. Гэта нашмат горш за любыя прагнозы аналітыкаў. Але сапраўдны шок — гэта лічбы па аўтамабільнай галіне: вытворчасць тут абрынулася на неймаверныя 18,5% усяго за адзін месяц.

Калі не браць у разлік кароткія перыяды сусветных крызісаў (як у 2008 годзе ці падчас пандэміі), то нямецкія заводы сёння працуюць на ўзроўні 2005 года. А вытворчасць аўтамабіляў апусцілася да мінімуму з 2000 года.

Эксперты б'юць трывогу. «Прамысловая вытворчасць Германіі ляціць у прорву», — так эмацыйна апісаў сітуацыю Карстэн Бжэскі (Carsten Brzeski), кіраўнік макраэканамічнага аддзела банка ING. Паводле яго, краіна зноў апынулася за крок ад «тэхнічнай рэцэсіі» — гэта калі эканоміка скарачаецца два кварталы запар.

Клаўс Вістэсен (Claus Vistesen), галоўны эканаміст па еўразоне ў кансалтынгавай кампаніі Pantheon Macroeconomics, назваў даныя «жахлівымі», але адзначыў, што на лічбы маглі паўплываць і разавыя фактары.

Паводле нямецкага статыстычнага ўпраўлення, «рэзкае зніжэнне» вытворчасці аўтамабіляў часткова выклікана больш познімі штогадовымі адпачынкамі на заводах і пераналадкай вытворчых ліній.

Рабочыя на лініі па вытворчасці электрамабіляў Volkswagen ID.3 на заводзе ў Дрэздэне, Германія. Фота: Sean Gallup / Getty Images

Чаму ўсё так кепска з эканомікай у Германіі?

Як лічаць аналітыкі, рэч не ў летніх адпачынках на заводах. Гаворка ідзе пра цэлы комплекс глыбокіх структурных выклікаў.

Па-першае, нямецкія гіганты BMW, Volkswagen і Mercedes відавочна спазняюцца з пераходам на электракары і пачынаюць прайграваць канкурэнцыю.

Па-другое, кардынальна змянілася роля Кітая: з аднаго з найбуйнейшых рынкаў збыту ён ператварыўся ў магутнага канкурэнта. Як вынік, продажы нямецкіх аўто ў самім Кітаі значна ўпалі, а кітайскія электрамабілі ўжо актыўна захопліваюць не толькі свой, але і еўрапейскі рынак.

Акрамя таго, па нямецкім экспарце б'юць амерыканскія імпартныя мыты. У выніку ўсяго гэтага эканоміка Германіі, моцна залежная ад экспарту прамысловай прадукцыі, ужо больш за тры гады знаходзіцца ў стане стагнацыі, або, прасцей кажучы, топчацца на месцы.

Аўтамабілі BMW. Фота: AP Photo / David Zalubowski

Ці ёсць надзея на паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ў Германіі?

Нягледзячы на змрочную карціну, Асацыяцыя нямецкіх банкаў прагназуе, што гаспадарка краіны да 2026 года вернецца да росту. На іх думку, значнае павелічэнне дзяржаўных выдаткаў на абарону і інфраструктуру можа забяспечыць рост ВУП на 1,4% у наступным годзе пасля сціплых 0,2% у 2025-м.

«Мы нарэшце бачым трывалую аснову для значнага эканамічнага росту ў наступным годзе», — заявіў кіраўнік асацыяцыі Хайнер Херкенхоф (Heiner Herkenhoff).

Аднак пакуль што гэта толькі прагнозы. Сёння ж відавочна адно: эканамічны рухавік Еўропы даў сур'ёзны збой. У бліжэйшыя дні канцлер Германіі Фрыдрых Мерц тэрмінова сустрэнецца з кіраўнікамі аўтамабільных канцэрнаў, каб абмеркаваць шляхі выхаду з крызісу.

Чытайце таксама:

Продажы «Тэслы» ў Еўропе катастрафічна ўпалі. І вінаваты ў гэтым кітайцы

Кітайскі аўтапрам імкліва заваёўвае Еўропу. Замест сваіх легенд еўрапейскія заводы выпускаюць аўто з Паднябеснай

Патрэбы НАТА мяняюць эканоміку Еўропы. Але еўрапейскай абаронцы не хапае шэрагу крытычна важных прадуктаў

Каментары да артыкула