Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук узначаліць былая дэпутатка
Шматгадовы дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАНБ 70‑гадовы Аляксандр Лакотка пайшоў на пенсію, а замест яго ўстанову ўзначаліць былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў.
Вольга Папко
З сайта Цэнтра прозвішча Аляксандра Лакоткі ў якасці дырэктара ўжо знялі, але замест яго нікога пакуль не паставілі. Выконвае ж абавязкі нядаўна прызначаная першай намесніцай дырэктара па навуковай рабоце Вольга Папко, якая пасля праходжання ўсіх працэдур будзе прызначаная і дырэктаркай. Прынамсі, Навуковая рада ўстановы на гэта фармальную згоду ўжо дала.
49‑гадовая Вольга Папко вядомая тым, што ў 2012‑2016 гадах працавала дырэктаркай Мірскага замка, а ў 2016 годзе была прызначаная дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. У 2019 годзе яе паўнамоцтвы працягнутыя не былі.
Паходзіць яна з Брэста, дзе таксама атрымала вышэйшую адукацыю і доўгі час працавала на кафедры філасофіі і культуралогіі мясцовага тэхнічнага ўніверсітэта. Таксама вучылася ў аспірантуры Інстытута гісторыі НАН Беларусі і ў каледжы Ост-Вест пры Рурскім універсітэце ў нямецкім Бохуме. Валодае некалькімі замежнымі мовамі.
У маі 2025 года Папко абараніла доктарскую дысертацыю на тэму «Мастацкія калекцыі князёў Вітгенштэйнаў у кантэксце еўрапейскага мастацтва XIX стагоддзя». Тым самым яна набыла навуковую ступень доктара мастацтвазнаўства.
У структуру Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі уваходзяць тры інстытуты-філіялы — Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы і Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы.
Чытайце таксама:
Знялі з пасады першага намесніка кіраўніка НАНБ
«Сыходзіць эпоха навуковага стэндапу». Бесараб пра зняцце з пасады былога кіраўніка Акадэміі навук