БЕЛ Ł РУС

У Еўрасаюзе набылі моц новыя правілы палітычнай рэкламы. Яны павінны ўскладніць знешняе ўмяшанне ў выбары

10.10.2025 / 21:36

Nashaniva.com

10 кастрычніка набываюць моц новыя правілы Еўрапейскага Саюза, якія рэгулююць палітычную рэкламу. Іх мэта — спыніць маніпуляванне інфармацыяй, узмацніць змаганне з дэзынфармацыяй і супрацьстаяць замежнаму ўмяшанню ў выбары, піша Euronews.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Horacio Villalobos#Corbis/Corbis via Getty Images

Паводле новага рэгламенту ЕС, кожная палітычная рэклама павінна мець спецыяльную пазнаку празрыстасці. Яна павінна дакладна паказваць, што гэта рэклама, утрымліваць інфармацыю пра спонсара, тып выбараў і суму, заплачаную за размяшчэнне. Акрамя таго, уводзіцца забарона на замежнае фінансаванне палітычнай рэкламы ў межах ЕС.

Гэтыя правілы, вядомыя як Палажэнне аб празрыстасці і таргетаванні палітычнай рэкламы, былі прапанаваныя Еўракамісіяй яшчэ ў 2021 годзе пасля серыі выпадкаў умяшання ў электаральныя працэсы — ад падзей на Капітоліі ў ЗША да меркаванага расійскага ўплыву на рэферэндум па Брэксіце.

Першыя выбары, дзе правілы будуць упершыню ўжытыя, — гэта парламенцкія выбары ў Нідэрландах 29 кастрычніка 2025 года.

Аднак тэхналагічныя гіганты, такія як Meta (Facebook, Instagram, Threads, WhatsApp) і Google, выказалі незадаволенасць: яны сцвярджаюць, што новыя нормы занадта складаныя, ствараюць юрыдычную нявызначанасць і практычна немагчымыя для выканання. Meta нават абвясціла, што спыняе размяшчэнне палітычнай рэкламы ў ЕС, бо не можа забяспечыць адпаведнасць усім патрабаванням.

Некаторыя іншыя платформы, як TikTok і LinkedIn, ужо раней цалкам забаранілі палітычную рэкламу, а X дазваляе яе толькі пры выкананні нацыянальных правіл.

Эксперты адзначаюць, што новаўвядзенні могуць найбольш балюча ўдарыць па невялікіх палітычных партыях і кандыдатах, якія раней выкарыстоўвалі таргетаваную рэкламу, каб дасягнуць выбарцаў. Цяпер ім давядзецца шукаць іншыя шляхі — напрыклад, праз традыцыйныя СМІ, інфлюэнсераў або больш актыўную прысутнасць у сацсетках.

Медыяарганізацыі і выдавецкія саюзы таксама занепакоеныя: яны сцвярджаюць, што новыя патрабаванні тэхнічна складана выконваць, асабліва ў выпадках, калі рэклама размяшчаецца праз аўтаматычныя сістэмы (праграматык-рэкламу). Выдаўцы просяць ЕС удакладніць правілы і працэсы ідэнтыфікацыі спонсараў, каб пазбегнуць памылак і рызыкі парушэння закона.

Чытайце таксама:

Азаронак: Трэба адмяняць да ядрэні фені ўсялякія выбары

Залужны: Ніякіх выбараў падчас вайны быць не можа, не падыгрывайце ворагу

Нетрадыцыйныя партыі здабываюць усё большую сілу ў Еўропе, у Чэхіі такія на кожны густ

Перад выбарамі ў Чэхіі ў тыктоку актывізаваліся сотні прарасійскіх акаўнтаў з шалёнай папулярнасцю

НАТА паабяцала выкарыстоўваць для абароны ад Расіі ўсе сродкі

Каментары да артыкула