У Іспаніі цела чалавека знайшлі ў кватэры праз 15 гадоў. Да таго яго ніхто не шукаў
У іспанскай Валенсіі мясцовая паліцыя 11 кастрычніка знайшла цела мужчыны, які мог памерці каля 15 гадоў таму. Гэта быў пажылы чалавек, які жыў у сваёй кватэры ў звычайным гарадскім раёне Фуэнсанта, піша El Pais.
Фота ілюстрацыйнае
Тэлефонны выклік у паліцыю і страхавую кампанію зрабілі суседзі мужчыны, якія жылі ў гэтым доме. Прычынай выкліку стала затопленая тэраса апошняга паверха дома пасля моцных дажджоў. Калі ратавальнікі і паліцыя прыйшлі для ліквідацыі праблемы з каналізацыяй, то пры гэтай нагодзе яны і знайшлі цела нябожчыка.
Суседзі кажуць, што не бачылі мужчыну доўгі час і думалі, што ён знаходзіцца ў доме для састарэлых. Калі паліцыя ўвайшла ў кватэру, дзверы не былі ўзламаныя, ланцужок быў замкнёны знутры. Цела знайшлі ў адным з пакояў у вопратцы. Паводле першых версій следства, чалавек памёр па натуральных прычынах.
Нябожчык меў двух дзяцей — сына і дачку, з якімі не падтрымліваў кантактаў. Таксама ён не меў сувязі з былой жонкай і іншымі членамі сям’і на працягу 35 гадоў.
Паколькі ніхто не заяўляў пра смерць мужчыны, сацыяльныя службы ўсе гэтыя гады працягвалі пералічваць яму пенсію, а камунальныя плацяжы з ягоных рахункаў здымаліся аўтаматычна. Таму ніхто так доўга і не заўважаў смерці самотнага мужчыны.
Чытайце таксама:
З пячоры ў Індыі вывелі 110‑гадовага пустэльніка, які ўсё жыццё правёў у медытацыях
У Пінскім раёне муж назло жонцы з'еў кавалак сырога мяса, папярхнуўся і памёр
Памерла прыматолаг Джэйн Гудол. Яна змяніла нашы ўяўленні пра шымпанзэ