БЕЛ Ł РУС

«Я іх ні пра што не прасіў і тым больш — высылаць мяне з радзімы». Дэпартаваныя палітвязні рэзка адказалі Кавалеўскаму. Не абышлося без абразаў

15.10.2025 / 19:11

Nashaniva.com

«Валер, ты рэальна робішся лукашэнкаўскім падпявалам». — «Юрась, не табе мяне вучыць мудрасці».

Яўген Афнагель і Валерый Кавалеўскі. Фоты: Белсат, Наша Ніва

Былы палітзняволены Яўген Афнагель, які 11 верасня 2025 года выйшаў на свабоду з вялікай групай палітзняволеных і быў вывезены ў Літву, на сваёй старонцы ў фэйсбуку звярнуў увагу на артыкул «Чаму ЕС не павінен узаемадзейнічаць з рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі» з сайта European Democracy Hub.

«Дыялог з Лукашэнкам не толькі неразумны і маральна няправільны, але і контрпрадуктыўны для жыццёва важных інтарэсаў бяспекі Еўропы. Перамовы з дыктатарам — гэта памылковая стратэгія па пяці прычынах.

— Узаемадзеянне паслядоўна правальвалася і надае легітымнасць.

— Санкцыі дзейнічаюць, а ўзаемадзеянне падрывае іх эфект.

— Беларусь працягвае рух да таталітарызму.

— Прапаганда рэжыму служыць мэтам аўтарытарызму.

— Узаемадзеянне ўзнагароджвае рэжым за яго злачынствы ва Украіне.

Еўрапейскі саюз павінен трымацца сваёй прынцыповай лініі — ізаляваць рэжым Лукашэнкі, узмацняць ціск на яго і адначасова дзейнічаць стратэгічна, каб абмежаваць выкарыстанне тэрыторыі Беларусі для ваенных мэтаў Расіі», —

коратка перадаў змест Афнагель і даў спасылку на арыгінал артыкула на англійскай мове.

У сваю чаргу, кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі не пагадзіўся з меркаваннем аўтараў артыкула і Яўгена Афнагеля:

«Атрымліваецца парадокс ці горкая іронія: перамовы і зняццё санкцый дазволілі вас вызваліць і вярнулі вам правы і свабоды, неабходныя, каб выказваць свае меркаванне. І гэтымі правамі вы карыстаецеся, каб сцвярджаць, што гэты падыход памылковы, ставячы пад сумнеў сам механізм, які вызваліў вас і можа вызваліць 1200 іншых палітвязняў, для каго жыццё на свабодзе важнейшае за смерць у турме ў барацьбе з рэжымам».

Андрэй Войніч, які таксама быў вызвалены 11 верасня, на гэта заўважыў, што «схема гіпатэтычная», бо «на аднаго «вызваленага» адразу 1-2+ саджаюць новых».

Аднак Кавалеўскі з ім не пагадзіўся: «У сэнсе гіпатэтычныя? Вызваленыя больш за 400 чалавек. Гэта тэорыя? Да гэтага «санкцыі, якія працуюць» не вызвалілі нікога. Рэпрэсіі працягваюцца, але не ў такіх суадносінах, і працяг вызваленняў не павінен спыняцца».

Калі Войніч паспрабаваў давесці, што «вызваленне — сумнеўнае дасягненне, бо тая колькасць, якая была пазбаўлена радзімы і магчымасці нармальна жыць, не супастаўная з тым, колькі людзей падвяргаецца рэпрэсіям ужо пасля вызвалення», Кавалеўскі адказаў:

«Магчымасці жыць дома пазбаўленыя не толькі вызваленыя, але і сотні тысяч, якія вымушана з'ехалі пасля 2020-га. Некаторыя з тых, хто быў вызвалены па памілаванні, вымушаныя былі выехаць з Беларусі праз невыносныя і небяспечныя ўмовы. Так што гэтая страта зразумелая многім. Абсалютная большасць вызваленых назад у турму не просіцца, а шануюць бяспеку і карыстаюцца адноўленымі правамі і свабодамі. Надалей трэба не перашкаджаць вызваленню іншых, а спрыяць гэтаму».

У Кавалеўскага таксама пацікавіліся, чаму ён піша пра «больш за 400 чалавек вызваленых». На гэта ён адказаў: «па памілаваннях прыкладна 330 і па амерыканскім трэку больш за 70».

У далейшай дыскусіі кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва заўважыў, што заявы кшталту «замест 50 вызваленых сталі палітвязнямі 100» без спасылак і канкрэтных даных выглядае маніпулятыўна.

«Не ўсе затрыманыя становяцца палітвязнямі, а тыя, хто прызнаныя сёння, маглі быць затрыманыя год таму. Праваабаронцы не даюць уцямных тлумачэнняў, а для палітызаваных структур зручна спасылацца на лічбы без кантэксту.

Некаторыя медыя таксама без аглядкі на спецыялістаў выдаюць драматычныя загалоўкі і не аддзяляюць асабістага меркавання ад экспертызы. У выніку атрымліваецца публічная дыскусія з нейкім нездаровым супрацьпастаўленнем «вызваленні супраць рэпрэсій, што важней». Карацей, тэма палітызаваная і шмат прыкладаў злоўжыванняў, прычым найбольш тымі, хто самой справай вызвалення не займаецца», — даводзіў сваю пазіцыю Кавалеўскі.

Тут да дыскусіі далучыўся Юрась Зянковіч, які быў вызвалены 30 красавіка 2025 года ў выніку перамоваў амерыканцаў з Лукашэнкам.

Былы палітвязень папракнуў Кавалеўскага: «Ты рэальна робішся лукашэнкаўскім падпявалам. Так, ёсць маральная дылема. Толькі мы абодва ведаем, што Яўген і астатнія выйшлі практычна бясплатна (як і я, дарэчы), бо санкцыі з «Белавія» знялі сімвалічныя, а рэальныя санкцыі засталіся».

На гэта кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва рэзка адказаў:

«Дзякуй за меркаванне, Юрась, але не табе мяне вучыць мудрасці. Твой довад толькі падкрэслівае, што вызваленні па амерыканскім трэку дагэтуль — вынік найперш перамоваў».

Юрась Зянковіч і Валерый Кавалеўскі. Фоты: скрын відэа; Наша Ніва

На гэтым моманце да дыскусіі далучыўся ветэран руху за дэмакратыю і нацыянальнае вызваленне Максім Вінярскі, які, як і Яўген Афнагель, выйшаў на свабоду 11 верасня. Ён заўважыў:

«Перамовы з тэрарыстамі маюць сэнс, калі тэрарыст адмаўляецца ад актаў тэрору і змяняе свае паводзіны, а так гэта хутчэй «заахвочванне», чым нешта іншае… Я, напрыклад, іх ні пра што не прасіў, ужо тым больш — высылаць мяне з маёй радзімы… [Трэба] ціснуць іх па максімуме».

З такой пазіцыяй Кавалеўскі не пагадзіўся і стаў даводзіць:

«Перамовы з кім заўгодна маюць сэнс, калі яны вядуць да вынікаў. Гэтыя вынікі ёсць. Акрамя тых, хто быў гатовы заставацца ў зняволенні, ёсць тыя, хто шануе свабоду, і гэтае жаданне трэба паважаць і садзейнічаць намаганням вызваляць людзей, асабліва з улікам небяспечных умоваў утрымання ў турмах».

Калі Вінярскі паспрабаваў давесці зноўку, што здымаць санкцыі да таго, як «узурпатар і злачынца (…) зменіць свае злачынныя паводзіны, амаральна і контрпрадуктыўна», Валерый Кавалеўскі адказаў:

«Пакуль вы размаўляеце лозунгамі, справа робіцца, людзей вызваляюць. Перамовы, якія прадугледжвалі зняцце санкцый з «Белавія» — першае ад 2020 года — прывяло і да вашага вызвалення, дзякуючы чаму можна пачуць вашае меркаванне пра шкоднасць перамоў».

Пазіцыю Вінярскага, аднак, падтрымаў Юрась Зянковіч.

«Я не хацеў тады і не хачу зараз заставацца ў зняволенні. І я — палітвязень. Таму я маю права выказвацца.

Калі цана вызвалення — рэальныя саступкі, то на месца вызваленага рэжым хутка пасадзіць двух новых. Тады вызваленне контрпрадуктыўнае, бо не вырашае праблему, а павялічвае яе.

Нельга карміць кракадзіла, бо гэта тупая і бязлітасная жывёла», —

напісаў Зянковіч і адзначыў, што ён адлюстроўвае «не толькі сваё меркаванне, але і вялікай колькасці (некалькіх сотняў) былых палітзняволеных».

«Санкцыі з «Белавія» знялі сімвалічна. У такім фармаце так, вызваленне мае сэнс. Але калі будуць здымаць рэальныя санкцыі, я (і іншыя палітвязні) супраць», — удакладніў былы палітвязень.

«Мы абмяркоўваем гэта ў закрытых чатах, і абсалютная большасць згодная з тымі тэзісамі, што я вышэй напісаў», — запэўніў Зянковіч і спытаў Кавалеўскага:

«А вось ты на каго працуеш? І чые інтарэсы адлюстроўваеш?»

«Я працую над вызваленнем палітвязняў, якія як і ты не хочуць заставацца ў зняволенні», — адказаў Кавалеўскі і працягнуў:

«Сярод вызваленых ёсць розныя погляды і кожны заслугоўвае павагі да гэтага права выказвацца. Але тыя, хто застаецца ў турмах, зараз публічна сваё меркаванне выказаць не могуць».

«Ты ж таксама не можаш сцвярджаць, што ўсе вызваленыя палітвязні прытрымліваюцца аднаго меркавання, якое супадае з тваім», — заўважыў Кавалеўскі.

На гэта Зянковіч адзначыў: «абсалютная большасць, я б сказаў, што 75%+ — так».

І яго пазіцыя падчас знаходжання ў турме «таксама такая — не любая цана за свабоду вартая аплаты. Так што як бы мне ні хацелася выйсці, але пэўныя прапановы я адкідаў як нягодныя. Думаю, што іншыя ПЗ (палітзняволеныя — НН) са мной згодзяцца ў сваёй большасці».

На гэта кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва адказаў: «любая цана» мае шырокі дыяпазон, аднаго вызначэння няма. Думаю, на чалавечыя ахвяры дзеля вызвалення палітвязняў ніхто не пагадзіўся б».

На погляд Кавалеўскага, «аптымальна было б, калі б рэжым сышоў і людзей вызвалілі б менавіта дэмакратычныя сілы», аднак «гэта цяпер недасяжна, таму трэба карыстацца наяўнымі інструментамі».

«Не думаю, што хтосьці з палітыкаў можа зараз даць гарантыі, што пры наяўнай стратэгіі ціску, ступені ўплыву дэмсіл на сітуацыю ў краіне і гатоўнасці заходніх парнёраў дзейнічаць, палітвязні будуць вызваленыя праз год ці нават праз два», — заўважыў Кавалеўскі.

Пазней Юрась Зянковіч пакінуў допіс, у якім адзначыў: «Адзіны магчымы прадмет дыялогу з ім (Лукашэнкам — НН) — вызваленне закладнікаў да таго, як ён атрымае нешта канкрэтнае».

Чытайце таксама:

Максім Вінярскі: Смешна чуць, што пратэсты 2020‑га адбыліся спантанна

Яўген Афнагель: Пяць гадоў турмы таго каштавалі, таму што я бачыў Беларусь свабоднай

Кавалеўскі адказаў на крык душы Жыгара

Каментары да артыкула