У Беларусі вынесены чарговы прысуд па справе аб генацыдзе
Вярхоўны суд Беларусі прызнаў памерлага ў канцы мінулага стагоддзя памагатага нацыстаў Восіпа Вiнiцкага вінаватым у здзяйсненні генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Фота: БелТА
Інстанцыя вынесла абвінаваўчы прысуд без прызначэння пакарання. Гэта ўжо чацвёрты па ліку карнік, якога судзілі ў Беларусі за генацыд, піша Tochka.by.
Падчас нямецкай акупацыі БССР Вiнiцкi праводзіў карныя аперацыі на тэрыторыі Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей і наўмысна пазбавіў жыцця не менш як 403 чалавек, у тым ліку мінімум 146 дзяцей.
«Прызнаць Восіпа Вiнiцкага вінаватым у генацыдзе — дзеяннях, здзейсненых з мэтай планамернага знішчэння беларускага народа як нацыянальнай і этнічнай групы шляхам забойства і прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў», — агучылі рашэнне ў судзе.
Вiнiцкi пасля вайны жыў у Канадзе, дзе і памёр у 1997 годзе. У некаторых крыніцах ён фігуруе пад імем Іосіф.
Наступным памагатым нацыстаў, у дачыненні да якога пачнецца крымінальны працэс, стане Аляксандр Ярмольчык.
У гісторыі суверэннай Беларусі гэта была чацвёртая крымінальная справа ў дачыненні да нацысцкіх карнікаў, накіраваная ў суд. Раней такім чынам былі асуджаныя Уладзімір Катрук, Канстанцін Смоўскі і Сямён Серафімовіч.