БЕЛ Ł РУС

9 беларускіх фільмаў, якія можна будзе пабачыць у лістападзе

17.10.2025 / 14:19

Nashaniva.com

Адзін з іх прэзентавалі на Берлінскім кінафестывалі, другі расказвае гісторыю свінгераў-няўдачнікаў. Фільмы пакажуць падчас фестывалю «Паўночнае ззянне».

Кадр з серыяла «Свінгеры»

XI беларускі кінафестываль «Паўночнае ззянне» пройдзе з 3 па 23 лістапада. Сёлетні слоган — «Мы проста дзеці». Фільмы будуць паказваць як анлайн, так і афлайн — у Вільні ( 3‑5 лістапада), Варшаве ( 6‑9 лістапада) і Таліне ( 19‑21 лістапада).

Для ўдзелу ў сёлетнім Беларускім конкурсе фестывалю было пададзена 40 заявак, 9 з іх былі адабраны для паказу. Што ж чакаецца?

«Суд мёртвых»

2025, Польшча

5 лістапада — Вільня, к/т Skalvija, квіткі хутка з'явяцца ў продажы

Рэжысёр Андрэй Кашперскі разам з Міхаілам Зуем выдае арыгінальны сатырычны погляд на сучаснасць Беларусі. Хорар мае назву «Суд мёртвых».

Па сюжэце ўлады Беларусі прынялі закон, які дазваляе судзіць памерлых беларусаў. Праўладная суддзя Аляксандра (яе грае Зоя Белахвосцік) пачынае працэсы супраць памерлых апанентаў рэжыму, каб канфіскаваць іх маёмасць на карысць дзяржавы. Але асуджаныя беларусы паўстаюць з мёртвых у выглядзе прывідаў і прыходзяць да суддзі…

«Баця»

2024, Беларусь

11, 19 лістапада — online з 00:00 да 23:59 (тут і далей Мінскі час)

5 лістапада — Вільня, к/т Skalvija, квіткі хутка з'явяцца ў продажы

Кароткаметражка «Баця» — гэта сімвалічная драма пра няўмольную плынь часу, пра адносіны паміж бацькам і сынам і іх нязменную традыцыю — прыязджаць вудзіць рыбу.

«Незабудка»

2025, Польшча

11, 19, 23 лістапада — online з 00:00 да 23:59

5 лістапада — Вільня, к/т Skalvija, квіткі хутка з'явяцца ў продажы

Станіслаў Савасцееў, рэжысёр з акцёрскім бэкграўндам, стварыў партрэт Элізы, жанчыны сталага веку з хваробай Альцгаймэра. Яе дом поўніцца нататкамі з нагадваннямі і сямейнымі фотаздымкамі. Штодня яна запісвае відэа і пераглядае старыя запісы, каб захаваць адчуванне сябе. Калі ейныя ўспаміны паступова вяртаюцца ў фрагментах, яна знаходзіць свой забыты дзённік і разумее, што магла страціць не толькі памяць.

«Заўтра вы мяне тут не ўбачыце»

2024, Польшча

13, 18 лістапада — online з 00:00 да 23:59

5 лістапада — Вільня, к/т Skalvija, квіткі хутка з'явяцца ў продажы

Кранальная анімацыя, заснаваная на дзённіках і галасавых паведамленнях рэжысёркі Аляксандры Чабоцькі ў перыяд ад лістапада да снежня 2024 года. У цэнтры стужкі — будні эмігранткі, якая спрабуе знайсці супакой у дробязях: кароткай паездцы трамваем, гуках вуліцы, выпадковых сустрэчах. Гэта гісторыя пра самоту, памяць і тое, як захаваць унутраную свабоду і здольнасць марыць. Напрыклад, пра каня, які з'явіўся на прыпынку.

«Перадачка»

2025, Данія, Беларусь

13, 18, 23 лістапада — online з 00:00 да 23:59

5 лістапада — Вільня, к/т Skalvija, квіткі хутка з'явяцца ў продажы

«Перадачка» — тое, што становіцца адзінай сувяззю з вонкавым светам для палітычных вязняў, якіх пазбаўляюць званкоў і наведванняў. Аднайменную назву мае анімацыйная гісторыя, натхнёная казкай, якую сястра напісала брату, зняволенаму ў Беларусі паводле палітычнай справы. У фільме перадачка ажывае і сама ідзе ў турму да вязня — праз сцены і цемру, каб прынесці надзею і любоў.

«Свінгеры»

2025, Польшча

15, 21 лістапада — online з 00:00 да 23:59

5 лістапада — Вільня, к/т Skalvija, квіткі хутка з'явяцца ў продажы

Гэта псіхалагічная камедыя рэжысёра Андрэя Кашперскага.

Шасцёра малазнаёмых паміж сабой асобаў сярэдняга веку спрабуюць дамовіцца пра свінгер-вечарыну, але знаходзіцца тысяча і адна дробязь, што перашкаджаюць ім забыцца пра ўсё і нарэшце адчуць радасць ад бессаромнай сустрэчы. Камічнасць сітуацыі спалучаецца з іроніяй над чалавечай штодзённасцю і амажамі да «Тэрмінатара», з якога пачалося захапленне рэжысёра кінематографам. Паказваць будуць пілотную 17‑хвілінную серыю.

«Лебядзіная песня Фёдара Озерава»

2025, Літва, Германія

6 лістапада — Варшава, к/т Kinoteka, квіткі хутка з'явяцца ў продажы

20 лістапада — Талін, квіткі хутка з'явяцца ў продажы 

Гэты фільм Юрыя Сямашкі сёлета трапіў у праграму аднаго з трох найбуйнейшых кінафорумаў Еўропы — Берлінскага кінафестывалю.

На фоне чутак пра Трэцюю сусветную вайну галоўны герой, 25‑гадовы музыка Фёдар Озераў, апантана шукае свой улюбёны швэдар з рамонкамі. Ён перакананы, што гэты швэдар надзяляе яго магічнай здольнасцю складаць песні. З гэтага атрымліваецца абсурдысцкае драмедзі з алюзіямі на грэчаскую міфалогію — гісторыя пра пошукі сэнсу і надзеі сярод хаосу, і пра тое, як мастацтва можа выратаваць, нават калі ўсё астатняе разбураецца.

«Kawalerka»

2025, Польшча

15, 21 лістапада — online з 00:00 да 23:59

У цэнтры апавядання — Андрэй і Вольга, шлюбная пара са стажам у пятнаццаць гадоў і досведам эміграцыі за плячыма. Апынуўшыся ў цеснай аднапакаёвай кватэрцы, дзе адзін і той жа пакой служыць і гасцёўняй, і спальняй, і кухняй, яны раптам разумеюць, што казаць больш, здаецца, і няма пра што — хіба што ўспамінаць, як было раней.

«Механіка матэрыялаў»

2024, Чэхія

16, 20, 23 лістапада — online з 00:00 да 23:59

Драма, заснаваная на рэальнасці сем’яў, разарваных вайною ва Украіне. У іх ліку і сям’я аўтаркі. Фільм даследуе непазбежны выбар паміж любоўю і палітыкай, сябрамі і роднымі, маўчаннем і супрацівам.

Даведаўшыся, што яе найлепшая сяброўка апынулася ў пастцы вайны, галоўная гераіня стужкі Яна вымушана зазірнуць у глыбіні сумлення сваёй сям’і. У доме бабулі і дзядулі, дзе з экрана гучыць расійскае тэлебачанне, яе праўда раптам здаецца чужою. 

Беларускія фільмы будзе ацэньваць міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі, напрыклад, мастацкая кіраўніца кінафестывалю «Mente Locale», кінаэкспертка і кансультантка Леэна Пасанен, рэжысёрка і сцэнарыстка Мара Тамковіч.

Падтрымаць кінафестываль можна данатам.

Чытайце таксама:

Беларусы здымаюць у Польшчы серыял пра свінгераў

Беларускі фільм трапіў у конкурс Берлінале. Пра што ён?

Фільм беларускага рэжысёра, які паказваецца на Берлінале, атрымаў узнагароду

Каментары да артыкула