Паўтара года таму рэжысёр Андрэй Кашперскі і сцэнарыст Міхаіл Зуй прадставілі серыял «Працэсы» — трагікамедыю пра Беларусь часоў рэпрэсій. Цяпер Кашперскі і Зуй рыхтуюць новую прэм’еру ў стылістыцы Вудзі Алена і зусім без палітыкі.

Серыял, які робяць Кашперскі і Зуй, завецца «Свінгеры». Праўда, ад самога свінгерства тут збольшага толькі назва.
Героі серыяла, шэсць малазнаёмых людзей, жывуць у Еўрасаюзе, большасць з іх — беларусы. Яны ўжо не першы год у эміграцыі і ўладкаваліся ў замежжы настолькі, каб перайсці ад пытанняў выжывання да больш далікатных рэчаў.
Андрэй Кашперскі расказвае:
«Яны спрабуюць арганізавацца і заняцца групавым сэксам. Свае патрэбы накшталт працы, сям’і і легалізацыі яны ўжо закрылі, але застаецца праблема нечага фізічнага, духоўнага, можа, нават праблема шчасця.

У кожнай серыі яны сустракаюцца, каб заняцца свінгерствам, і ў кожнай серыі ў іх не атрымліваецца. Бо гэта дарослыя людзі, шмат хто з іх у крызісе сярэдняга ўзросту, і шмат каму перашкаджаюць дарослыя, побытавыя і жыццёвыя праблемы».
Паводле слоў Кашперскага, ідэя «Свінгераў» узнікла яшчэ ў 2021-м. Тады ён і Міхаіл Зуй распрацоўвалі канцэпцыю серыялаў «Працэсы», а таксама «Тут быў Ленін» — гэты праект задумваўся для «Чынчынчэнэла», які так і не выйшаў.
Андрэй успамінае, што хацелася стварыць нешта іншае, больш лёгкае. Так узнікла ідэя «Свінгераў» — апалітычнай гісторыі пра дарослых людзей, якія заўжды спрабуюць пра нешта дамовіцца ў адным пакоі, але ў іх не атрымліваецца.

Кашперскі называе фільмы, якія яго натхнілі на «Свінгераў» — сярод іх стужкі Вудзі Алена і Рамана Паланскі:
«Мне хацелася чагосьці лёгкага і максімальна размоўнага, каб гэта адрознівалася і ад «Чынчынчэнэла», і ад «Працэсаў», і ад усяго, што мы рабілі раней і робім цяпер».
Пакуль знялі толькі першую серыю «Свінгераў», усяго іх плануецца дзесяць. Даўжыня кожнай серыі — 15 хвілін. Першую з іх, мяркуе Кашперскі, можна будзе пабачыць праз некалькі месяцаў на лакальных паказах у Варшаве.
Цяпер трэба знайсці грошы на новыя серыі — стваральнікі «Свінгераў» плануюць рабіць гэта восенню, кажа Андрэй:
«Прыйдзем з нашым пітчынгам на Netflix. Гэта нічога не значыць, шмат хто туды ідзе. Але, напэўна, было б добра з яго пачаць. Пакуль хочацца знайсці фінансаванне праз кінафонды, тэлебачанне ці стрымінгі, пайсці больш прафесійным шляхам.

Але калі мы раптам пабачым, што сабралі толькі частку сродкаў, а астатнюю частку нам трэба збіраць праз краўдфандынг, мы, вядома, пра гэта падумаем».
Кашперскі супакойвае — калі тэма свінгерства для вас непрымальная, вы ўсё роўна можаце глядзець гэты серыял, і вось чаму:
«Такім жа чынам усе гэтыя героі маглі дамаўляцца пра што заўгодна — пра тое, каб пайсці разам у басейн, кіно ці оперу. То-бок гэта проста гісторыя пра дарослых людзей, якія сустрэліся і спрабуюць разам нешта рабіць».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
«Людзі, будзьце пільныя! У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар ЕС!» Грамадзянін Літвы, асуджаны ў Беларусі да 13 гадоў за «шпіянаж», перадаў ліст з калоніі

Каментары
А якія думкі былі ў вас у 2021-м, калі яшчэ здараліся час ад часу дваравыя маршы?
І сапраўды, якая нацыянальная трагедыя ды акупацыя? Праграмы па падтрымцы рэпрэсаваных працуюць як трэба, грошай хапае, вызвольная армія назапашвае рэсурсы ды ўсе ўсе разумеюць: у якім стане апынулася Беларусь і што варта рабіць кожнаму. Кожная прафесія ды занятак дае адкаы на гэтыя пытаньні, таму зрынаньне рэжыму і вызваленьне - пытаньне часу. Таму можна заняцца трохі іншымі тэмамі: каб адцягнуць увагу ад трагічнай рэчаіснасьці ды трохі адпачыць... Але ж не.
Таму нічога дзіўнага ў бягучым стане. Гэтым людзям не патрэбна свая Краіна. 240 гадоў акупацыі, падобна, зрабілі сваю справу і цалкам выразалі орган, што адказвае за самасьвядомасьць ды нацыянальную годнасць. Таму, замест рэфлексіі і пошукаў выйсця, глядзіце цяпер кіно пра свінгераў, зьнятае ў вольным сьвеце падчас акупацыі. Хлопцы сапраўды фармуюць "залаты фонд" і накіроўваюць грошы на сапраўды патрэбныя падчас вайны рэчы. Як жа гэта ўсё брыдка.