Як на запраўках кінуліся выконваць загад Лукашэнкі ФОТЫ
На беларускіх аўтазапраўках спрабуюць перавыхаваць кіроўцаў, якія прыехалі не толькі па паліва, але і па каву.
Рэйд ДАІ на запраўках. Фота: Гродзенская праўда
Адзін з карыстальнікаў Трэдс выклаў фотаздымак з запраўкі «Беларуснафты». Там аператыўна павесілі напамін: «Пасля завяршэння запраўкі просім вас вызваліць паліўную калонку, перамясціўшы аўтамабіль на спецыяльную паркоўку. Гэта дазволіць вам без спешкі здзейсніць пакупкі».
Тут і далей фота з Трэдс
Другі сфатаграфаваў аналагічную аб’яву — таксама на калонцы «Беларуснафты»: «Паважаныя кліенты! Да наведвання кафэ і пакупак у краме вызваліце калонку для іншых кіроўцаў».
Шоўмен Дзяніс Кур'ян сфатаграфаваў такую самую абвестку на кавамашыне на запраўцы.
Яшчэ адна жанчына прадэманстравала, што разам з чэкам атрымала паперку: «Пасля запраўкі вызваліце калонку для іншых аўтамабіляў. Запраўляйцеся без чаргі праз дадатак Беларуснафта».
Дарэчы, раней «Беларуснафта» ў сваіх сацсетках вельмі актыўна рамантызавала ідэю таго, як цудоўна піць каву на АЗС. Вось, напрыклад, тыповы пасыл аднаго з ролікаў: «Людзі, якія п’юць каву на запраўках, шчаслівейшыя за тых, хто сядзіць у дарагіх рэстаранах».
Цяпер жа ў сацсетках кампаніі з’явіліся зусім іншыя ролікі — у іх нагадваюць пра правілы этыкету на АЗС.
Чытайце таксама:
За каву аштрафуюць? Як праходзяць рэйды на запраўках
Лукашэнка даручыў Кубракову разабрацца з тымі, хто п’е каву на АЗС, і навесці там «жалезны парадак»