БЕЛ Ł РУС

Блогеры параўналі цэны на ежу ў Беларусі, Польшчы, Германіі і Партугаліі

22.10.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Дзеля эксперыменту яны склалі спіс, у якім было 45 пунктаў, і набылі ўсё па ім у чатырох краінах. Як думаеце, дзе было найбольш танна?

Блогеры Вадзім і Алеся Ключнікі. Тут і далей скрыншоты відэа на YouTube

Блогеры Вадзім і Алеся Ключнікі зрабілі цікавы агляд цэн. Краіны абраныя невыпадкова: Беларусь — радзіма блогераў, у Германіі яны даволі доўга жылі, а цяпер жывуць у Партугаліі. А Польшчу дадалі праз тое, што туды эмігравала шмат беларусаў.

Раней яны ўжо рабілі аналагічны эксперымент. Але гэта было летам 2022 года, курсы валют у той час у Беларусі шалёна скакалі, таму пры пераліку на еўра атрымалася, што цэны там вышэйшыя, чым у Германіі.

Гэтым разам блогеры ўвялі новыя правілы. Прадукты трэба купляць па прынцыпе: адна краіна — адзін гіпермаркет. У Беларусі гэта быў «Еўраопт», у Польшчы — «Ашан», у Германіі — «Каўфлэнд» і ў Партугаліі — «Кантынент».

Яны імкнуліся браць больш-менш базавыя прадукты, бо параўноўваць цэны на васьмінога ў Партугаліі і Беларусі сэнсу няма. Раўняліся на сярэдні сегмент: не люксавая ежа, але і не самая танная. Стараліся не браць тавары на акцыі, але калі альтэрнатывы не было, пералічвалі суму ў чэку са звычайным коштам.

Як сапраўдныя беларусы, пачалі з бульбы. У Беларусі кілаграм на момант закупкі каштаваў 80 цэнтаў, у Польшчы — 39 цэнтаў, у Германіі — 1,4 еўра і ў Партугаліі — 1,3 еўра.

А вось першым шокам стала цыбуля: калі ў Беларусі кілаграм каштаваў 32 цэнты, то ў Германіі — 1,79 еўра, у Польшчы і Партугаліі — па 1,05 еўра.

Памідоры ўсюды каштуюць больш-менш аднолькава: ад 1,39 (Германіі) да 1,99 еўра (Партугалія).

А вось філе курыцы аказалася самым танным у Беларусі — 3,85 еўра за кілаграм. Самым дарагім — у Германіі, дзе за кілаграм просяць 11,32 еўра.

Са свіной выразкай зусім іншая сітуацыя. Самая танная яна ў Партугаліі — 4,99 еўра, а самая дарагая — у Германіі (8,99 еўра).

Алей самы танны прадаецца ў Партугаліі (1,59 еўра), а самы дарагі ў Германіі (2,19 еўра).

Каву «Далмаер» таней за ўсё набываць у Германіі (8,99 еўра), а даражэй за ўсё ў Беларусі (16,90 еўра).

І вось якія атрымаліся фінальныя лічбы ў чэку за 45 пакупак: Беларусь —132,08 еўра, Польшча — 132,46 еўра, Германія — 158,38 еўра, Партугалія — 146,91 еўра.

Але сітуацыя выглядае менш радаснай, калі параўнаць усё з сярэдняй зарплатай у гэтых краінах.

Параўноўваючы, блогеры, імаверна памыліліся: бо па Беларусі яны ўзялі сярэднія заробкі, а па іншых краінах мінімальныя. Але нават з улікам гэтага атрымоўваецца, што ў Беларусі людзі менш могуць сабе дазволіць — у разы.

Таму мы пералічылі.

Сярэдні заробак у Беларусі складае 2376 рублёў на рукі — атрымліваецца прыблізна 670 еўра. У пераліку на прадуктовыя кошыкі блогераў гэта каля 5 кошыкаў.

У Польшчы сярэдняя зарплата нета прыблізна 1500 еўра, ці каля 11 кошыкаў.

У Германіі сярэдні заробак на рукі каля 2850 еўра, ці амаль 18 кошыкаў.

У Партугаліі сярэдняя зарплата каля 1500 еўра, ці 10 кошыкаў.

Чытайце таксама:

Жонка футбаліста зборнай параўнала цэны ў Zara ў Беларусі і Венгрыі

З чырвонай цаной атрымалася даражэй, чым са звычайнай. Мінчанка купіла шакаладкі і засмуцілася

Як за пяць гадоў змянілася камуналка ў адной беларускай кватэры

Каментары да артыкула